Дзіўныя метамарфозы адбываюцца з беларускімі чыноўнікамі за мяжой — яны ператвараюцца ў сапраўдных патрыётаў. Так, старшыня пралукашэнкаўскай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава не адзін год свайго жыцця патраціла на барацьбу з нацыянальнай сімволікай, а падчас паездак у М’янму носіць эфектныя льняныя сукенкі-вышыванкі ў традыцыйных нацыянальных бела-чырвона-белых колерах.
Чарговы візіт дэлегацыі партыі «Белая Русь» у М’янму праходзіць у гэтыя дні. Яго асвятляюць мясцовыя СМІ.
Учора, 14 жніўня, беларуская дэлегацыя сустрэлася ў Нейп’іда са спікерам Палаты прадстаўнікоў П’іту Хлутто У Кхін Йі. Чамаданава на сустрэчу надзела белую сукенку, вышытую чырвонымі ніткамі. У той час, калі Чамаданава ўзначальвала прэс-службу МУС Беларусі, такі ўбор мог лічыцца «злачынствам» — у міліцэйскіх пратаколах падобнае прыраўноўвалася да пікетавання «паводле схемы БЧБ». Пад «пікетаванне» траплялі бела-чырвона-белыя шкарпэткі, БЧБ-налепкі на ровары, афармленне аўтамабіля ў «апазіцыйных» танах і пафарбаваны ў бела-чырвоныя колеры франтон.
У пятніцу беларускую дэлегацыю таксама прыняў міністр Саюза па справах гасцініц, турызму і культуры У Маунг М’інт. Прадстаўнікі партыі «Белая Русь» параілі міністру распаўсюджваць «праз пасольства М’янмы ў Беларусі відэаролікі і фатаграфіі, якія распавядаюць пра вядомыя турыстычныя славутасці, культуру і прыродную прыгажосць М’янмы, каб павысіць дасведчанасць пра краіну сярод жыхароў Беларусі і беларускіх тураператараў».
Апошні раз Чамаданава на чале беларускай дэлегацыі была ў М’янме ў студзені 2026 года.














