Губернатар Самарскай вобласці РФ Вячаслаў Федарышчаў паведаміў пра ракетны ўдар па прамысловым прадпрыемстве ў рэгіёне. На месцы сфарміраваны аператыўны штаб, працуюць экстраныя службы.
«На дадзены момант удакладняецца інфармацыя пра наступствы, а галоўнае — пра пацярпелых», — напісаў ён у тэлеграм-канале.
Украінскія Telegram-каналы пішуць, што ўдар мог прыйсціся па прадпрыемстве «ЦСКБ-Прагрэс». Гэта расійскі распрацоўшчык і вытворца ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру «Раскосмаса» і ўдзельнічае ў вытворчасці ракет-носьбітаў «Саюз-2». Таксама ў сетцы распаўсюджвалася непацверджаная інфармацыя пра магчымае траплянне па авіяцыйным заводзе «Авіякор», які знаходзіцца побач.
Сцвярджаецца, што для ўдару па Самары магла выкарыстоўвацца ўкраінская крылатая ракета вялікай далёкасці «Фламінга».
Адзін з уладальнікаў украінскай кампаніі Fire Point, якая вырабляе «Фламінга», Дзяніс Шцілерман апублікаваў відэа запуску ў адказ на допіс Exilenova+ пра ўдар па заводзе «Авіякор».
Шэраг расійскіх і ўкраінскіх рэсурсаў публікуе інфармацыю пра выбухі ў раёне ваеннага аэрадрома «Саваслейка» ў Ніжагародскай вобласці, дзе базуюцца знішчальнікі МіГ-31К — носьбіты аэрабалістычных ракет «Кінжал».
)) https://t.co/L100bgttR8 pic.twitter.com/aNa3VmwBTo
— Denys Shtilierman (@DenShtilierman) August 15, 2026

