Экс-палітвязень Анджэй Пачобут, вызвалены і перададзены ў рамках абмену Польшчы, можа вярнуцца ў Беларусь, заявіла Анжаліка Борыс, былая палітвязніца і актывістка Саюза палякаў.
«У Анджэя Пачобута няма ніякіх абмежаванняў, ён можа вярнуцца ў Беларусь — такое запэўненне мы сёння пачулі разам з Анджэем у Белавежы», — напісала Борыс у Facebook.
Нагадаем, 28 красавіка ў пункце пропуску «Перароў – Белавежа» на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен па формуле 5 на 5. З боку Беларусі і Расіі былі вызвалены тры палякі і два малдаваніны. Вядома, што Беларусь перадала Польшчы журналіста Анджэя Пачобута і манаха-кармеліта Гжэгажа Гавела. Расія выдала Малдове двух супрацоўнікаў малдоўскіх спецслужбаў.
Польшча перадала Расіі археолага Аляксандра Буцягіна. Малдова перадала Беларусі экс-супрацоўніка спецслужбаў Аляксандра Балана, Расіі — грамадзянку РФ Ніну Папову.
