Былы палітвязень Уладзімір Мацкевіч дамагаецца правядзення метадалагічнай гульні з удзелам асноўных фігур дэмакратычнага руху Беларусі. Згоду ўжо нібыта далі галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, Віктар Бабарыка, прадстаўнікі палка Каліноўскага, «Байсола», «Кіберпартызан» і многія іншыя. Мацкевіч галоўным вынікам правядзення гульні бачыць распрацоўку агульнай стратэгіі для беларускай дыяспары.
Скажу адразу, і сам фармат, і арганізатары, і інфаканпанія па прасоўванні ідэі асабіста ў мяне выклікалі глухі супраціў. Ці то асоба Уладзіміра Мацкевіча, ці то шлейф метадалагічнага вучэння, ці то недавер да тых палітычных груп, якія адразу пачалі “тапіць” за “двіж”, ці то яшчэ нешта неасэнсаванае. Захацелася разабрацца ў сабе, у сігналах інтуіцыі, таму і пішу гэты тэкст.
Хто такі Уладзімір Мацкевіч?
Сам сябе ён называе метадолагам, а з нядаўняга часу і палітычным філосафам. Ключавое тут “сам сябе”, але пра гэта пазней.
Актыўнае грамадскае жыццё ў Беларусі ён пачаў у 1993 годзе, калі яму было 37 гадоў. Вярнуўся з Расіі і, здаецца, засвяціўся ўсюды: Мінобр, Сорас, Хартыя’97, АГП, АНТ і нават у БХД з «Дактрынай беларускага кансерватызму».
Але галоўнай справай яго жыцця была “сістэмна-мыследзейнасная метадалогія”. Гэта такі філасофска-метадалагічны напрамак, які ўзнік у пасляваенным СССР. Яго ідэолагамі называюць Георгія Шчадравіцкага і Аляксандра Зіноўева. Камуністычныя ўлады ўбачылі ў руху патэнцыял і паспрабавалі з яго дапамогай крыху авысакародзіць сістэму. Дарэчы, канспіролагі сцвярджаюць, што літара Z падчас нападу Расіі на Украіну з’явілася ў гонар заснавальніка школы філосафа Зіноўева.
Гэта не значыць, што “метадолагі” — прыхільнікі камунізму або “рускага свету”. Зусім не. Гэта хутчэй такое стаўленне да жыцця, калі на самай справе ўсё роўна, у якой ідэалагічнай рамцы “метадаложыць”. Жыхару позняга СССР тлумачыць прыроду такога светапогляду не трэба. У пуцінскай Расіі гэты тып людзей прынята называць тэхнакратамі.
Гэта не першая арганізацыйна-дзейнасная гульня (АДГ), якую арганізуе беларускі паслядоўнік Шчадравіцкага. Першая адбылася роўна 22 гады таму і прывяла да распрацоўкі (увага!) пераможнай палітычнай стратэгіі для Беларусі (Стратэгія-2006). Яна прадугледжвала стварэнне ў беларускім грамадстве ўпэўненасці ў неабходнасці ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі ўласнымі сіламі, вызначэнне лідара, здольнага перамагчы і змяніць Лукашэнку на чале дзяржавы, і прывядзенне вылучанага лідара на пасаду прэзідэнта. І тады многія ў дэмакратычным руху ставіліся да ідэй Мацкевіча са скепсісам, таму валіць рэжым было вырашана самастойна праз стварэнне руху “Движение”. Спойлер — рэжым не быў зрынуты.
Што ж гэта за гульня такая?
«Той, хто робіць стаўкі ў гульні, выйграе. Хто не робіць — прайграе яшчэ да пачатку. Адмова ад удзелу азначае як мінімум, што ты не атрымаеш нічога. А ў максімуме — можаш апынуцца за бортам працэсу. Калі гульня будзе паспяховай і сапраўды пачне змяняць кірунак дзейнасці палітычных і грамадскіх сіл, то тыя, хто не ўдзельнічаў, застануцца па-за межамі гэтага працэсу. Таму я кажу проста: не хочаце — не ўдзельнічайце. Але я вас папярэдзіў», — жорстка сфармуляваў сваю пазіцыю ў каментары “Нашай Ніве” Уладзімір Мацкевіч.
Удзельнікаў адвозяць у ціхае месца на тыдзень. Працэс складаецца, калі вельмі спрашчаць, з некалькіх этапаў — самавызначэнне, канфлікт, стварэнне “аб’ектыўнай карціны” і новае самавызначэнне. Гульня доўжыцца без перапынку па 10–12 гадзін, з дэфіцытам сну і пастаянным псіхалагічным і рэфлексіўным ціскам. Усё гэта, канешне, трэба, каб “прарваць руціну”.
Затым вузкая група замацоўвае вынік. Кіруюць працэсам ігратэхнікі і іх лідар. Не, нават не так — “Ігратэхнікі” і “ЛІДАР”.
Ведаеце, на што гэта падобна? На практыкі таталітарнай секты або семінары па асобасным росце, дзе галоўнае — выштурхнуць удзельніка на псіхалагічныя арэлі “знявага-адабрэнне”, якія выклікаюць моцныя прылівы дофаміну і жорсткую залежнасць. У побытавым жыцці з гэтым можна сутыкнуцца ў сям’і, дзе муж і жонка чаргуюць скандалы і прымірэнні па спіралі, усё больш накручваючы адзін аднаго на кожным новым этапе.
Самазванец
Памятаеце, мы ўжо сутыкаліся з самавызначэннем. Мацкевіч ліха запісаў сябе ў палітычныя філосафы сам. Гэта цікавы феномен. У “метадалогіі” самавызначэнне невыпадковае. Мэта ігратэхніка — зламаць звыклыя правілы гульні, выйсці за межы, каб знайсці нечаканае рашэнне, таму звыклыя інстытуты шкодзяць працэсу. Але ёсць у самавызначэння і зваротны бок — у грамадствах, дзе разбурана або не створана традыцыя, інстытуцыі, сістэма фільтраў, іерархія, спадчыннасць, любы старшыня саўгаса можа скарыстацца хвіліннай слабасцю і наліць у вушы людзям што заўгодна.
Калі перанесці самавызначэнне на поле метадалагічнай гульні, то выходзіць, што не столькі ўдзельнікі самавызначаюцца, а хутчэй арганізатар гульні становіцца царом і богам для ўдзельнікаў. Пры гэтым ігратэхніка-лідара ніхто не выбірае, нікога ён не прадстаўляе і ўвогуле ўсё трымаецца толькі на даверы і згодзе ўдзельніка на часовае падпарадкаванне.
У класічнай АДГ арганізатары максімальна аддалены ад рэальнага жыцця ўдзельнікаў гульні, выступаюць незацікаўленым знешнім бокам. У супрацьлеглым выпадку ўвесь сэнс гульні разбураецца — занадта шмат улады атрымлівае арганізатар у працэсе.
І, мабыць, менавіта гэта бянтэжыць мяне больш за ўсё, бо Уладзімір Мацкевіч з’яўляецца лідарам адной з палітычных груп у дэмруху.
Што атрымліваем у выніку? Адзін з палітычных суб’ектаў, якія прэтэндуюць на лідарства, абвяшчае пра правядзенне метадалагічнай гульні і ультыматыўна патрабуе ад легітымных лідараў прыняць у ёй удзел. Валодаючы нязначнай легітымнасцю, сумнеўнай экспертнасцю, абапіраючыся на маніпулятыўныя практыкі, Уладзімір Мацкевіч прэтэндуе на безумоўнае падпарадкаванне, а Ціханоўская, Бабарыка, Калеснікава, Латушка — гэта толькі фігуры на шахматнай дошцы мысляра. Ну такое…
Уладзімір Уладзіміравіч, ёсць іншая прапанова. Хутка будуць выбары ў Каардынацыйную Раду, праз пару дзён завершыцца прыём спісаў блокаў для ўдзелу ў выбарах. Можа вы б пайшлі на выбары, атрымалі падтрымку выбаршчыкаў і з вышыні маральнай і электаральнай перавагі прапанавалі ўсім астатнім паўдзельнічаць у гульні. Інакш гэта ўсё пахне палітычным махлярствам. Як кажуць, альбо крыжык зніміце, альбо…
З усёй павагай, і без негатыву.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news
