Падчас вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, член дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ Павел Латушка атрымаў пацвярджэнне, што ўжо 21 дзяржава гатовая прагаласаваць за ўступленне ў кіраўнічы камітэт Спецыяльнага трыбунала ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Пасля Польшчы і Ісландыі, якія сталі 17-й і 18-й краінамі адпаведна, да іх далучыліся Аўстрыя, Коста-Рыка і Фінляндыя. Характэрна, што Коста-Рыка стала 20-й краінай у гэтым спісе. Гэта азначае, што ўдзел у трыбунале не абмяжоўваецца членамі Савета Еўропы.
21-й краінай стала Фінляндыя. Яна прагаласуе за ўступленне ў кіраўнічы камітэт на найбліжэйшым пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы, якое пройдзе ў Кішынёве 14–15 мая. Паводле дадзеных прэс-службы АПК, шэраг іншых дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Савета Еўропы, таксама разглядае магчымасць далучэння да працы трыбунала.
«Тэрыторыя дзейнасці Спецыяльнага трыбунала будзе толькі пашырацца. Гэта азначае, што адказнасць за здзяйсненне агрэсіі — у тым ліку для Лукашэнкі і ягоных памагатых — непазбежная», — заявіў Латушка.
