Амерыканскія вайскоўцы захапілі іранскае судна-кантэйнеравоз у Аманскім заліве, якое адмовілася падпарадкавацца іх патрабаванням і спрабавала пераадолець марскую блакаду.
“Марскія пяхотнікі спусціліся на борт іранскага судна 19 красавіка пасля таго, як ракетны эсмінец USS Spruance (DDG 111) вывеў з ладу рухальную ўстаноўку Touska з-за таго, што камерцыйнае судна не выканала неаднаразовыя папярэджанні амерыканскіх сіл на працягу шасці гадзін”, – паведамілі ў Цэнтральным камандаванні ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе.
Атрад марской пяхоты з дэсантнага карабля USS Tripoli быў дастаўлены на судна з дапамогай верталёта.
Пра захоп таксама абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
“Ракетаносны эсмінец ВМС ЗША USS Spruance перахапіў (іранскае судна) Touska ў Аманскім заліве і перадаў ім выразнае папярэджанне з патрабаваннем спыніцца. Іранскі экіпаж адмовіўся падпарадкавацца, таму наш вайсковы карабель спыніў іх, прабіўшы дзірку ў машынным аддзяленні. У цяперашні час марскія пяхотнікі ЗША кантралююць гэта судна”, – апісаў ён інцыдэнт.
У Іране назвалі захоп судна пірацтвам і абвінавацілі ў парушэнні рэжыму спынення агню.
“Амерыканскі агрэсар парушыў рэжым спынення агню і ўчыніў марское пірацтва, абстраляўшы іранскае гандлёвае судна ў водах Аманскага заліва і вывеўшы з ладу яго навігацыйную сістэму, высадзіўшы на палубу названага судна некалькіх сваіх марскіх пяхотнікаў-тэрарыстаў.
Мы папярэджваем, што ўзброеныя сілы Ісламскай Рэспублікі Іран неўзабаве адкажуць і нанясуць удар у адказ па гэтым узброеным пірацтве з боку амерыканскіх вайскоўцаў”, – гаворыцца у заяве, распаўсюджанай іранскім дзяржаўным агенцтвам IRNA.
U.S. Marines depart amphibious assault ship USS Tripoli (LHA 7) by helicopter and transit over the Arabian Sea to board and seize M/V Touska. The Marines rappelled onto the Iranian-flagged vessel, April 19, after guided-missile destroyer USS Spruance (DDG 111) disabled Touska’s… pic.twitter.com/mFxI5RzYCS
— U.S. Central Command (@CENTCOM) April 20, 2026
