ЗША плануюць і далей перахопліваць танкеры з венесуэльскай нафтай. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на шэсць крыніц.
Першы танкер быў захоплены ў сераду. Паводле інфармацыі агенцтва, у найбліжэйшыя тыдні чакаюцца далейшыя дзеянні ЗША ў дачыненні да суднаў з венесуэльскай нафтай, якія таксама маглі перавозіць іранскую сыравіну. Ужо складзены спіс такіх патэнцыйных мэт.
Прэс-сакратарка Белага дома Кэролайн Левітт адмовілася каментаваць магчымыя дзеянні, разам з тым яна дала зразумець, што ЗША не будуць проста назіральнікамі.
«Мы не збіраемся стаяць убаку і назіраць, як судны, што знаходзяцца пад санкцыямі, разразаюць моры, перавозячы нафту, якая прадаецца на чорным рынку, прыбыткі ад якой будуць падпітваць наркатэрарызм злачынных і нелегітымных рэжымаў па ўсім свеце», — заявіла яна.
Трэба адзначыць, што на фоне захопу танкера Аляксандр Лукашэнка ў чацвер сустрэўся з паслом Венесуэлы ў Расіі. Гэта ўжо другая сустрэча за апошні час. Папярэдні раз Лукашэнка размаўляў з паслом у канцы лістапада. Паводле слоў Лукашэнкі, дыпламат павінен быў узгадніць некаторыя пытанні з Нікаласам Мадурам і ўчора прыехаў у Мінск з адказам. Таксама адбылася размова расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з Нікаласам Мадурам.