Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у каментары для NBC News заявіў, што ў яго ёсць кандыдаты ў новае кіраўніцтва Ірана. Пры гэтым амерыканскі бок прымае меры, каб яны перажылі вайну.
“Мы хочам прыйсці і ўсё вычысціць. Нам не патрэбны той, хто будзе аднаўляць усё на працягу 10 гадоў”, — сказаў Трамп.
“Мы хочам, каб у іх быў добры лідар. У нас ёсць некалькі чалавек, якія, я думаю, добра справіліся б з гэтай працай”, — дадаў ён.
Ён таксама заявіў, што прымаюцца крокі, каб дадзеныя кандыдаты перажылі вайну.
“Так, мы за імі назіраем”, — сказаў ён.
У інтэрв’ю Reuters Трамп заявіў, што наўрад ці наступным лідарам Ірана стане сын аяталы Алі Хаменеі. Раней СМІ пісалі, што Моджтаба Хаменеі нібыта абраны вярхоўным лідарам пад ціскам Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, аднак гэтая інфармацыя афіцыйна не пацвярджалася.
“Нам давядзецца выбраць гэтага чалавека разам з Іранам. Нам давядзецца выбраць гэтага чалавека”, — сказаў Трамп.
У размове з Reuters ён таксама падтрымаў ідэю курдскага наступлення супраць Ірана. Паводле яго слоў, ён бы ўсяляк гэта падтрымаў.
