Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чарговы раз заявіў, што гатовы да працягу перамоў з РФ у любым фармаце і на любой тэрыторыі, але не ў Беларусі.
“Мы гатовы сустракацца, і я неаднаразова гэта казаў – у любым фармаце, у любым месцы, акрамя Расіі і Беларусі. Трохбаковая сустрэча павінна адбыцца. Яна адкладаецца, безумоўна, з-за таго, што ўвага Злучаных Штатаў Амерыкі сёння сканцэнтравана на Іране. Гэта зразумела, але тым не менш вельмі хочацца, каб ніхто не забываў пра вайну Расіі супраць Украіны”, – сказаў ён сёння, перадае “Уніан”.
Трэба адзначыць, што аналагічным чынам прэзідэнт Украіны выказваўся ў лютым, а таксама ў суботу ў размове з NBC.
Уладзімір Зяленскі лічыць магчымай новую трохбаковую сустрэчу ў бліжэйшыя тыдні.
“Зараз мяч на баку і Злучаных Штатаў Амерыкі, і Расіі. Я вельмі ўдзячны Амерыцы за тое, што яны працягваюць гэты фармат. Дай Бог, каб у бліжэйшыя тыдні ў нас была гэтая магчымасць. Я не лічу, што ў нас тупік. Тупік, пасля якога што нам усім рабіць – здацца, расслабіцца? Няхай Расія здаецца, мы не будзем”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, ЗША прапануюць сустрэцца на іх тэрыторыі. Расія вылучыла прапанову правесці перамовы ў Турцыі або Швейцарыі. Аднак амерыканскі бок заявіў, што зараз перамоўная група не выязджае з ЗША.
