Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выключае сустрэчу з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у Расіі або Беларусі. Пра гэта ён заявіў журналістам, каментуючы чарговую прапанову прыехаць у Маскву, якая на гэты раз прагучала днямі з вуснаў памочніка Пуціна Юрыя Ушакова.
“Безумоўна, гэта немагчыма, каб я сустракаўся з Пуціным у Маскве. Гэта тое ж самае, што сустракацца з Пуціным у Кіеве. Я гэтак жа магу запрасіць яго ў Кіеў, няхай прыязджае. Публічна запрашаю яго, калі ён вырашыцца, вядома”, — сказаў Зяленскі, перадае «РБК-Україна».
На думку Зяленскага, такія «запрашэнні» на самай справе дэманструюць нежаданне расійскага боку сустракацца.
“Але калі нехта не хоча сустракацца, але не можа сабе дазволіць сказаць пра гэта наўпрост па нейкай прычыне, тады і гучаць гэтыя запрашэнні ў Маскву. Зразумела, што адбываецца“, — дадаў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінскі бок сур’ёзна ставіцца да неабходнасці спынення вайны і гатовы да любога рэальнага фармату сустрэчы на найвышэйшым узроўні.
“Не ведаю, які яна прынясе вынік. Але прынамсі дакладна большы, чым тое, што адбываецца сёння. Вядома, мы заўсёды выступаем за тое, каб у працэсе былі і еўрапейцы. Але я не ўпэўнены, што іншыя абодва бакі будуць падтрымліваць такі фармат менавіта для сустрэчы лідараў. Не па гарантыях бяспекі, напрыклад, а менавіта па асабліва складаных пытаннях”, — сказаў ён.
“Але ў Маскве і ў Беларусі гэта проста немагчыма, і абсалютна зразумела, чаму — таму што гэта дзяржавы, адна з якіх з’яўляецца агрэсарам, якая пачала і вядзе вайну супраць нас, забівае нас, а другая краіна з’яўляецца яе партнёрам у гэтых дзеяннях”, — дадаў Зяленскі.
Каментуючы перамовы ў Абу-Дабі, Зяленскі адзначыў, што там абмяркоўваліся адчувальныя пытанні, таксама ЗША і Украіна праводзілі двухбаковыя перамовы. Паводле яго слоў, амерыканцы хочуць прасунуць пытанне дээскалацыі: невыкарыстання далёкабойных сродкаў паражэння. Зяленскі адзначыў, што Украіна гатова да такога рашэння.
“У любым выпадку мы хочам скончыць вайну і мы гатовыя да дэскалацыйных крокаў. Калі Расія не будзе біць па нас, мы не будзем ужываць крокі ў адказ. Вось і ўсё, і мы пра гэты прынцып раней ужо таксама гаварылі. Гэта магчымасць, а не дамоўленасць”, — сказаў ён.
Аднак пакуль дакладных дамоўленасцяў на гэты конт няма.
“Няма ніякіх сакрэтаў. Прамога дыялогу, прамых дамоўленасцяў па гэтым пытанні паміж намі і Расіяй не было.
Калі Расія не б’е па нашай энергетыцы — генерацыйнай ці любой іншай, — мы не будзем біць па іх энергетыцы. Я думаю, гэта адказ, на які разлічваў медыятар перамоў — ЗША. Мы заўсёды дэманструем, што падтрымліваем усе рацыянальныя амерыканскія ініцыятывы, падтрымліваем любыя рэальныя ініцыятывы па дэскалацыі і таму падобнае”, — сказаў ён.
