Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да 57-гадовага жыхара Століна. Мужчына абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК).
Паводле інфармацыі СК, мужчына валодаў крамай будаўнічых матэрыялаў. Пачынаючы з 2016 года ён пачаў браць грошы ў доўг на развіццё бізнесу пад выглядам пашырэння асартыменту і павелічэння продажаў. Пазней ён вырашыў заняцца дрэваапрацоўкай. Для гэтага набыў цэх і абсталяванне, аднак якой-небудзь актыўнай дзейнасці не вёў. Пры гэтым мужчына працягваў пазычаць грошы і браць крэдыты ў банках.
“Фактычна ж атрыманыя сродкі ў бізнес не ўкладваліся – мужчына толькі ствараў бачнасць прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі крэдыторы патрабавалі вярнуць грошы, ён ухіляўся ад выканання абавязацельстваў, спасылаючыся на часовыя цяжкасці. Толькі ў асобных выпадках яму ўдавалася часткова пагасіць доўг, але выключна за кошт новых пазык”, – выклалі ў СК версію следства.
Усяго ў справе 12 пацярпелых, шкода ім склала амаль мільён рублёў.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.
