Японскі суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення 45-гадовага Тэцую Ямагамі. Ён прызнаны вінаватым у смяротным стрэле ў былога прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ.
У 2022 годзе Ямагамі стрэліў у Абэ падчас выступлення на мерапрыемстве Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў горадзе Нара. Палітык быў шпіталізаваны і пазней памёр.
Як паведамляе Kyodo, суд задаволіў патрабаванне пракуратуры. Адвакаты абвінавачанага настойвалі, што тэрмін яго турэмнага зняволення не павінен перавышаць 20 гадоў. Яны заяўлялі, што Ямагамі стаў ахвярай гвалту з боку рэлігійнай групы і што яго «трагічнае» дзяцінства падштурхнула яго забіць Абэ. Падсудны заявіў, што затаіў крыўду на Царкву Аб’яднання, бо яго сям’я збанкрутавала з-за буйных ахвяраванняў яго маці гэтай рэлігійнай арганізацыі. Ямагамі заявіў, што, на яго думку, Абэ, якому на момант нападу было 67 гадоў, знаходзіўся «ў цэнтры палітычнага ўплыву Царквы Аб’яднання» ў Японіі.
На фоне замаху і расследавання справы пра яго таксама было пачата расследаванне ў дачыненні да царквы, якая ў далейшым была распушчана судом. У 2022 годзе таксама быў прыняты закон, які рэгулюе маніпулятыўныя метады збору сродкаў, што прымяняюцца рэлігійнымі арганізацыямі.
