З пачатку года ў Беларусі знішчаны тры дроны, якія парушылі мяжу — Лук’яновіч

Армія
Скриншот видео t.me/otvinta_by

З пачатку гэтага года зафіксавана 107 парушэнняў паветранай прасторы Беларусі і 72 выпадкі парушэння дзяржаўнай мяжы. Знішчана тры беспілотнікі, заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч.

«Наш від Узброеных Сіл выконвае баявую задачу штодня ў мірны час. Пацвярджэнне таму: толькі за 2026 год намі было зафіксавана больш за 100 (калі быць дакладным — 107) парушэнняў правілаў выкарыстання паветранай прасторы і больш за 70 (72 выпадкі) парушэнняў дзяржаўнай мяжы. Нашы дзяжурныя сілы былі вымушаны пяць разоў выканаць баявое прымяненне — рэальная праца дзяжурных сіл авіяцыі, зенітных ракетных войскаў. Знішчаны тры беспілотныя лятальныя апараты, якія ўяўлялі пагрозу», — цытуе Лук’яновіча БелТА.

У ВПС і войсках СПА праходзіць раптоўная праверка баявой гатоўнасці па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. На першым этапе былі задзейнічаны самалёты Як-130, верталёты Мі-35 і ЗРК «Оса».

«Выканалі марш, заступілі на баявое дзяжурства, узмацнілі сістэму супрацьпаветранай абароны, авіяцыя выканала аператыўныя пералёты на запасныя аэрадромы. Таксама зенітна-ракетныя войскі ўзмацнілі сістэму супрацьпаветранай абароны, радыётэхнічныя войскі вылучылі дадатковую колькасць (указаную ў баявым распараджэнні) рухомых малавышынных груп для таго, каб нарасціць малавышыннае радыёлакацыйнае поле і забяспечыць кантроль паветранай прасторы», — расказаў Лук’яновіч.

За ходам праверкі назіраў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Ён падкрэсліў, што вучэбныя задачы стараліся адпрацоўваць далей ад межаў, паведамляе Мінабароны.

Паводле слоў Вальфовіча, праверка насцярожыла Польшчу і Літву, якія ўчора падымалі свае самалёты-разведчыкі.

«Хаця ніякай пагрозы ў адрас сумежнага боку мы не накіроўвалі і не ставілі такую мэту. Увогуле і ў раёне мяжы мы стараліся вучэбныя задачы не адпрацоўваць. Адпрацоўвалі іх у глыбіні краіны, нават ва ўсходніх рэгіёнах нашай рэспублікі ў большай ступені», — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

У лютым Мінабароны паведамляла пра прымяненне авіяцыі і зенітных ракетных войскаў для знішчэння беспілотнікаў, якія заляцелі ў Беларусь. Колькі менавіта дронаў заляцела ў паветраную прастору краіны, не ўдакладнялася. 26 лютага над Гомелем праляцела не менш за пяць дронаў. Адзін з іх быў збіты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.