Раніцай 26 лютага беларускім вайскоўцам удалося збіць як мінімум адзін беспілотнік падчас пралёту над Гомелем, піша «Флагшток».
Інцыдэнт адбыўся над заходняй прамысловай ускраінай горада. Відавочцы назіралі, як за беспілотнікам ішоў ваенны верталёт, пасля чаго дрон пачаў падаць. Паводле папярэдніх даных, агнявое паражэнне было нанесена з борта верталёта са стралковай зброі.
Паводле даных рэсурсу, усяго той раніцай над Гомелем праляцела больш за пяць беспілотнікаў тыпу Shahed-136 («Герань»). Меркавана, гэта былі расійскія дроны, накіраваныя для ўдару па Украіне, аднак яны па невядомай прычыне адхіліліся ад маршруту.
Гомельскія ўлады ніяк не каментавалі інцыдэнт. Неафіцыйны тэлеграм-канал гомельскіх ідэолагаў пагразіў крымінальнай адказнасцю за фота і відэа беспілотнікаў і ваеннай тэхнікі.
