Вызваленыя і высланыя ва Украіну беларускія палітвязні сёння ўначы прыбылі ў Варшаву. Іх сустракалі каля Цэнтра беларускай салідарнасці.
Нагадаем, 13 снежня былі вызвалены 123 палітвязні. З іх 114 чалавек вывезлі ва Украіну. Як паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, у Варшаву прыехалі 90 чалавек. Іх сустракалі беларусы, у тым ліку намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
Паводле паведамленняў СМІ, з Украіны выехалі 109 чалавек, большасць з якіх застанецца ў Польшчы, астатнія адправяцца ў Літву.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», без пашпартоў з Беларусі былі вывезены 20 чалавек. Сярод іх вядомыя і медыйныя асобы, а таксама людзі, уключаныя ў «спіс тэрарыстаў».
Дапоўнена
Як паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет, сярод тых, хто прыбыў у Варшаву, — Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Аляксандр Фядута, Марына Золатава. Частка былых палітвязняў адправілася ў Вільнюс, у тым ліку Павел Севярынец.
Сустрэць беларусаў, акрамя Паўла Латушкі, прыйшлі спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, упаўнаважаны прадстаўнік МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі Адам Халаціньскі, намеснік дырэктара Дэпартамента Усходняй Еўропы МЗС Польшчы Міхал Завяса, пасол Германіі ў Польшчы Мігель Бергер.
«Павел Латушка выказаў словы падтрымкі былым зняволеным. Ён таксама падзякаваў ЗША, Украіне і ўсім краінам і арганізацыям, якія ўнеслі свой уклад у вызваленне вялікай групы палітычных зняволеных з Беларусі, у арганізацыю іх прыезду, сустрэчы і размяшчэння ва Украіне, у іх наступны пераезд у ЕС, а таксама ў забеспячэнне іх неабходным і дакументамі.
Праца была арганізавана сумеснымі намаганнямі шэрагу ініцыятыў (дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», BYSOL, праваабарончы цэнтр «Вясна», ініцыятывы Ineedhelpby, Dissidentby, «Дапамога», «Вольныя», Полк Каліноўскага, праект «Хачу жыць» і многія іншыя) у каардынацыі з Місіяй дэмакратычных сіл ва Украіне, прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы і нацыянальнай бяспецы, а таксама з Офісам Святланы Ціханоўскай. Значную падтрымку аказвалі і працягваюць аказваць Літва і Польшча», — паведамілі ў Кабінеце.