Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю па справе «Чэсных людзей» у чэрвені

Навіны
Коллаж: spring96.org/be

2 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць апеляцыю па завочнай справе актывістаў «Чэсных людзей» — Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Прысуд па гэтай справе быў вынесены 22 студзеня Віцебскім абласным судом. Актывістам былі прад’яўлены абвінавачанні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі», «распальванні варожасці», «абразе і паклёпе на Лукашэнку», а таксама ў «закліку да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь».

Алене Жылачкінай прызначылі 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 67 500 рублёў. Зарына Сарокіна, Цімафей Малахоўскі і Алег Давыдчык былі прыгавораны да 8 гадоў калоніі са штрафам па 40 500 рублёў кожны.

Ініцыятыва «Чэсныя людзі» была створана ў 2020 годзе з мэтай супрацьдзеяння фальсіфікацыям на прэзідэнцкіх выбарах. Яе валанцёры спрабавалі трапіць у склад участковых выбарчых камісій, выступалі ў якасці назіральнікаў. Сумесна з арганізацыямі «Голас» і «ZUBR.in» «Чэсныя людзі» арганізавалі анлайн-платформы для назірання за выбарчымі ўчасткамі і платформу «Голас» для незалежнага падліку галасоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.