Пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску папярэдзіла пра пераход на электронныя візы з 25 лютага. Грамадзяне Беларусі цяпер замест візавай налепкі будуць атрымліваць толькі электронную візу.
Сам парадак атрымання візы прынцыпова не зменіцца. Аднак заяўнікам давядзецца наведваць візавы цэнтр толькі адзін раз для пацвярджэння асобы.
«Запаўненне анкеты анлайн і запіс на біяметрыю застаюцца ранейшымі. Пашпарт вяртаецца ў дзень візіту — паўторна прыходзіць па візавую налепку не патрабуецца», — паведамілі ў пасольстве.
Разам з тым неабходна будзе стварыць уліковы запіс на сайце Упраўлення па візах і іміграцыі Вялікабрытаніі (UKVI), які дае анлайн-доступ да іміграцыйнага статусу. Транспартныя кампаніі і памежная служба будуць з канца месяца правяраць права на ўезд праз лічбавыя сістэмы.
