Прэзідэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў шэйх Махамед бін Заід Аль Нахаян атрымаў пісьмовае пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі пра шляхі ўмацавання супрацоўніцтва і двухбаковых адносін паміж дзвюма краінамі, паведамляе WAM.
Прывёз пасланне і асабіста перадаў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. У паведамленні яго называюць “спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Беларусі”.
“Спецыяльны пасланнік перадаў пажаданні прэзідэнта Беларусі пра далейшы прагрэс і росквіт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
У сваю чаргу прэзідэнт ААЭ папрасіў перадаць свае прывітанні Аляксандру Лукашэнку, а таксама пажаданні далейшага развіцця і росквіту Беларусі і яе народу.
У сустрэчы прынялі ўдзел шэйх Хамдан бін Заід Аль Нахаян, прадстаўнік кіраўніка ў рэгіёне Аль-Дафра; шэйх Тэяб бін Махамед бін Заід Аль Нахаян, намеснік старшыні Прэзідэнцкага двара па пытаннях развіцця і справах сем’яў загінулых герояў; шэйх Хамдан бін Махамед бін Заід Аль Нахаян, намеснік старшыні Прэзідэнцкага двара па асаблівых даручэннях; шэйх Нахаян бін Мубарак Аль Нахаян, міністр па пытаннях талерантнасці і суіснавання, а таксама шэраг шэйхаў і афіцыйных асоб.
Нагадаем, Віктар Лукашэнка здзяйсняе турнэ па краінах Персідскага заліва. У ААЭ ён прыбыў учора, 23 красавіка.
Днём раней, 22 красавіка, у якасці спецыяльнага пасланніка Аляксандра Лукашэнкі Віктар перадаў султану Амана пісьмовае пасланне ад свайго бацькі. Ад імя султана Хейсама бен Тарыка аль Саіда Віктара Лукашэнку прыняў сын султана, спадчынны прынц, намеснік прэм’ер-міністра па эканамічных пытаннях Саід Тэйязін бен Хейсам аль Саід.




