МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 12 чалавек.
Сярод уключаных у спіс — 25-гадовы грамадзянін Украіны, палітвязень Віктар Келер з Мазыра Гомельскай вобласці. Паводле інфармацыі МУС, у дачыненні да яго ўступіў у законную сілу прысуд Гомельскага абласнога суда паводле ч. 1, 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Пазначана, што Келер адбывае пакаранне. Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», у студзені мінулага года ён быў затрыманы па «справе Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створаная перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. На пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ да чата з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў аб спыненні працы.
Цяпер у «экстрэмісцкім» спісе 6806 прозвішчаў.
Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.