Беларускі ляснічы 10 гадоў хаваўся ў Расіі, пакуль яго не дэпартавалі

У 2016 годзе ў дачыненні да ляснічага Лунінецкага лясгаса была ўзбуджаная крымінальная справа па факце крадзяжоў. Ён з’ехаў у Расію і працаваў там 10 гадоў, пакуль яго не дэпартавалі ў Беларусь.

Як паведамляе пракуратура Брэсцкай вобласці, мужчына з сакавіка па ліпень 2016 года сістэматычна ўносіў недакладныя звесткі ў нарады-акты на выкананне работ і на паперы павялічваў колькасць выкарыстанага паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў. Такім чынам ён выкраў таварна-матэрыяльныя каштоўнасці на суму амаль 3,9 тысячы рублёў (на той момант 185 базавых велічынь).

Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы ляснічы з’ехаў у Расію, дзе працаваў у розных рэгіёнах. У 2026 годзе яго дэпартавалі ў Беларусь. На радзіме яго затрымалі.

Мужчына лічыў, што тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці мінулі, але паводле заканадаўства плынь тэрмінаў даўнасці прыпыняецца, калі асоба, якая здзейсніла злачынства, хаваецца ад органа крымінальнага пераследу або суда. У такім выпадку плынь тэрмінаў даўнасці аднаўляецца з дня затрымання або яўкі з павіннай.

На судзе мужчына прызнаў сваю віну, раскаяўся і добраахвотна кампенсаваў шкоду. Яго прысудзілі да 6 месяцаў калоніі і штрафу ў памеры 2250 рублёў. Таксама ён пазбаўлены права займаць некаторыя пасады на працягу пяці гадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.