Урады Польшчы, Літвы і Латвіі не ідуць на “канструктыўны дыялог” з рэжымам у Мінску. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” распавёў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
“Ні адзін урад, ні Польшчы, ні Літвы, ні Латвіі, не ідзе на канструктыўны дыялог, не хоча весці нармальную міжнародную практыку, як гэта прынята ў свеце: па лініі міністэрстваў замежных спраў знаходзіць шляхі вырашэння тых праблемных пытанняў, якія ёсць паміж дзвюма дзяржавамі. Мы не ўшчамляем інтарэсы Польшчы і краін Балтыі, мы не дыктуем ім, як жыць. І не трэба нам дыктаваць”, – падкрэсліў Вальфовіч.
Паводле яго слоў, дзяржава робіць высновы з ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая складваецца вакол краіны, і прымае адпаведныя рашэнні. І праверка Узброеных Сіл стала зрэзам гатоўнасці арміі выканаць ускладзеныя на яе задачы, перадае яго словы БелТА.
“Людзі ў пагонах на чале са сваім Галоўнакамандуючым рыхтуюцца ў любую хвіліну абараніць нашы нацыянальныя інтарэсы, нашу краіну. Таму гэтая праверка – зрэз гатоўнасці Узброеных Сіл перадусім як ядра ваеннай арганізацыі дзяржавы быць гатовымі выканаць тыя задачы, якія яны маюць у адпаведнасці са сваім прызначэннем”, – сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.
