Генштаб УСУ адмаўляе прымяненне беспілотнікаў у Бранскай вобласці ў той час, калі была здзейсненая атака на аўтобус. Украінскі бок называе правакацыяй паведамленні пра ўдар украінскага дрона па аўтобусе.
«Заявы прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі пра нібыта паражэнне беспілотнікам Узброеных сіл Украіны аўтобуса з дзіцячай футбольнай камандай у Бранскай вобласці не адпавядаюць рэчаіснасці.
Падкрэсліваем, што ў пазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не ўжывалі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці», — гаворыцца ў заяве Генштаба УСУ.
Украіна лічыць заявы Расіі інфармацыйнай правакацыяй.
«Разглядаем падобныя паведамленні як чарговую інфармацыйную правакацыю Крамля. Не маючы магчымасці дасягнуць заяўленых мэт на полі бою і нясучы значныя страты, Расійская Федэрацыя ўсё часцей звяртаецца да інфармацыйных маніпуляцый і фабрыкацыі абвінавачванняў супраць Украіны», — заявіў Генштаб.
УСУ наносяць удары толькі па законных ваенных цэлях, падкрэслілі ў Генштабе.
Нагадаем, аўтобус з 28 дзецьмі з дзіцячай футбольнай каманды ДЮСШ №2 Рэчыцы трапіў пад удар беспілотніка ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня. Следчы камітэт РФ заявіў, што дрон быў украінскім. У выніку ўдару загінула жонка трэнера ДЮСШ, якая суправаджала каманду. Восем чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей, пацярпелі.