Савет міністраў пастановай №40 ад 23 студзеня зацвердзіў палажэнне аб парадку, умовах выплаты ўзнагароджанняў за аказанне паслуг рэжысёрска-пастановачнымі групамі, калектывамі мастацкай творчасці і індывідуальнымі выканаўцамі пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў і іх памерах. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго апублікавання.
Палажэннем устаноўлена, што колькасны склад рэжысёрска-пастановачнай групы павінен быць аптымальным і складаць не больш за 50 чалавек. Яго можна павялічыць да 100 чалавек у выпадку высокай складанасці мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў 1000 і больш чалавек, умяшчальнасці пляцоўкі больш за 10 тыс. месцаў.
Памеры ўзнагароджання за аказанне паслуг рэжысёрска-пастановачнымі групамі, калектывамі мастацкай творчасці і індывідуальнымі выканаўцамі пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў устаноўлены ў базавых велічынях і залежаць ад складанасці мерапрыемства.
Дзяржаўны орган, які з’яўляецца арганізатарам мерапрыемства, мае права ўсталёўваць канкрэтныя памеры ўзнагароджанняў. Прадбачаны надбаўкі для калектываў і выканаўцаў у залежнасці ад наяўных у іх статуса і званняў. Так, акадэмічны або заслужаны калектыў можа разлічваць на надбаўку да 40%, а адначасова нацыянальны і акадэмічны — да 60%. Народныя артысты могуць атрымаць надбаўку да 100%, а заслужаныя артысты і дзеячы культуры — да 50%.
Абмяжоўваецца сукупны памер ўзнагароджання для аднаго чалавека, калі ён выконвае некалькі паслуг. Ён складае 75 (3510 рублёў) або 150 БВ (6750 рублёў) у залежнасці ад складанасці мерапрыемства. Прадбачаны крытэрыі для зніжэння ўзнагароджання на 25–50% у выпадку няякаснага выканання, парушэння тэрмінаў. Таксама ўзнагароджанне будзе зніжацца пры выкарыстанні фанаграмы «плюс».
Пастановай абмежавана рэнтабельнасць для пастаўшчыкоў абсталявання, вырабнікаў дэкарацый, касцюмаў і рэквізіту. Яна павінна складаць не больш за 5%.
Складанасць мерапрыемства вызначаецца ў балах і ў асноўным залежыць ад таго, які дзяржаўны орган выступае ў якасці заказчыка або арганізатара:
- мерапрыемствы, якія праводзяцца з удзелам і (або) па даручэнні прэзідэнта — 10 балаў,
- мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню, пры правядзенні афіцыйных візітаў замежных службовых асоб і дэлегацый, у межах Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у іншых дзяржавах — 9 балаў,
- мерапрыемствы, якія праводзяцца па рашэнні (даручэнні) Савета міністраў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі прэзідэнта — 9 балаў,
- іншыя рэспубліканскія і абласныя (мінскія гарадскія) мерапрыемствы, у тым ліку прысвечаныя дзяржаўным святам, памятным датам — 8 балаў,
- раённыя (гарадскія), іншыя мерапрыемствы — 7 балаў.
Аўтар сцэнарыя можа атрымаць ад 20 да 70 базавых велічынь (900–3150 рублёў), галоўны рэжысёр — ад 20 да 80 базавых велічынь (900–3600 рублёў). Устаноўлены памеры ўзнагароджанняў для дзясяткаў паслуг, у тым ліку паслуг аператараў, мастакоў, грымёраў, рэквізітараў, фатографаў і інш.
Для мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў памеры ўзнагароджання таксама вар’іруюцца ад ступені ўдзелу ў мерапрыемстве: цэлы канцэрт, 1–2 нумары, 3 нумары і больш. Так, саліст-вакаліст можа атрымаць ад 20 да 55 базавых велічынь (900–2475 рублёў) за цэлае мерапрыемства, ад 13 да 30 базавых велічынь (585–1350 рублёў) — за 3 і больш нумары і ад 8 да 20 велічынь (360–900 рублёў) — за 1–2 нумары.
