На пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы адбыўся абмен мірнымі жыхарамі паміж Расіяй і Украінай. Сем грамадзянскіх асоб вярнуліся ва Украіну і столькі ж — у Расію, піша БелТА.
Як заявіла ўпаўнаважаная па правах чалавека Расіі Яна Лантратава, дадому вярнуліся пяць жыхароў Курскай вобласці і яшчэ двое жыхароў іншых рэгіёнаў. Паводле яе слоў, абмен стаў вынікам дамоўленасцей, дасягнутых тры тыдні таму падчас першай сустрэчы з украінскім амбудсменам Дзмітрыем Лубінцом. Бакі дамовіліся аб сумесных наведваннях ваеннапалонных, абмене дакументамі і гуманітарных місіях, а таксама аб вяртанні дадому і ўз’яднанні сем’яў мірных жыхароў. Лантратава падзякавала Міністэрству абароны Расіі, профільным службам, прадстаўнікам Беларусі, дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірыне Касцевіч за дапамогу ў арганізацыі абмену і Дзмітрыю Лубінцу за «перамовы і супрацоўніцтва».
«Вельмі важна, што першыя перамовы тут, на тэрыторыі Беларусі (за што вялікі дзякуй, вядома, калегам з Беларусі), адбыліся літаральна тры тыдні таму, калі мы з чыстага ліста пасля майго ўступлення на пасаду з Дзмітрыем Валер’евічам [Лубінцом] — маім калегам з тэрыторыі Украіны — дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Мы дамовіліся не толькі аб сумесным наведванні ваеннапалонных, аб абмене дакументамі, аб гуманітарных місіях і праектах па перадачы пасылак і лістоў. Самае галоўнае — мы дамовіліся, што будзем рэалізоўваць вяртанне дадому і ўз’яднанне мірных жыхароў, грамадзянскіх асоб, уз’яднанне сем’яў. І ўжо падчас нашай першай сустрэчы нам удалося ўз’яднаць [людзей]. Гэта ў нас тры сям’і. І на тэрыторыю Украіны выехалі тры іншыя сям’і», — расказала яна.
Як паведаміў Дзмітрый Лубінец, сустрэча з Лантратавай адбылася падчас учорашняга абмену ваеннапалоннымі. Бакі дамовіліся працягнуць узаемныя наведванні ваеннапалонных і праверку звестак пра ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне. Суразмоўцы абмяняліся шырокімі спісамі вайскоўцаў абодвух бакоў, якія зніклі без вестак пры асаблівых абставінах, для праверкі факту іх знаходжання ў палоне, а таксама запытамі аб атрыманні копій дакументаў у рамках грамадзянска-прававых адносін.
«Асобна дамовіліся працягнуць гэтую працу і надалей. Падкрэсліваю: для мяне галоўнае — вынік, які дапаможа нашым грамадзянам: тым, хто знаходзіцца ў палоне. Зніклым без вестак. Іх родным», — напісаў ён.
Напярэдадні Украіна і Расія таксама абмяняліся ваеннапалоннымі ў фармаце 160 на 160.

