У Венгрыі ў выніку аварыі польскага аўтобуса загінулі 12 чалавек, яшчэ 48 атрымалі траўмы. Пра гэта паведамілі прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр.
Аварыя адбылася каля 1:00 у ноч на 16 жніўня на аўтамагістралі М3 у раёне Мезёкерэстэша і Мезёнадзьміхая. Аўтобус, які рухаўся з Сербіі ў Польшчу, з’ехаў з дарогі і перакуліўся ў кювет.
У аўтобусе знаходзіліся 57 пасажыраў і два кіроўцы. Паводле даных венгерскай службы па надзвычайных сітуацыях, 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ адзін памёр пасля дастаўкі ў бальніцу.
11 пацярпелых атрымалі цяжкія, небяспечныя для жыцця траўмы. Яшчэ 37 пасажыраў былі шпіталізаваныя з лёгкімі траўмамі. Пацярпелых даставілі ў бальніцы Эгера, Дэбрэцэна, Ньірэдзьхазы і Мішкальца.
Некалькі чалавек апынуліся пад аўтобусам. Пажарныя з дапамогай лябёдкі прыпаднялі заднюю частку 24-тоннага аўтобуса, каб атрымаць доступ да пацярпелых. Затым два аўтакраны паднялі аўтобус са схілу і паставілі яго на колы.
Дональд Туск паведаміў, што Польшча накіруе ў Венгрыю спецыяльны самалёт з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і медыцынскіх службаў. Пацярпелым абяцаюць аказаць неабходную медыцынскую і консульскую дапамогу.
