У польскі суд накіравана абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да 28-гадовага грамадзяніна Беларусі Віталя С. Ён абвінавачваецца ў падрыхтоўцы дыверсіі па замове замежнай разведкі.
Як паведамілі ў Агенцтве ўнутранай бяспекі Польшчы, мужчына працаваў барменам у адным з рэстаранаў Любліна.
Па заданні замежнай спецслужбы ён рыхтаваўся да падпалу склада ў Хэлме. Мужчына паспеў правесці разведку аб’екта, запісаць відэа склада і перадаць сабраныя даныя заказчыку праз Telegram. За гэта ён атрымаў аплату ў крыптавалюце.
Падрыхтоўка мужчыны была раскрытая агенцтвам. Яго затрымалі 13 жніўня 2025 года. З таго часу ён знаходзіцца пад арыштам.
Абвінаваўчае заключэнне, акрамя артыкула за шпіянаж, уключае абвінавачанне, звязанае з незаконным абаротам наркатычных сродкаў.
