Савет міністраў пастановай №383 ад 29 ліпеня зацвердзіў крытэрыі ацэнкі выканання рэзідэнтамі ўмоў дзейнасці ў свабодных эканамічных зонах. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.
Цяпер выкананне дагавораў аб умовах дзейнасці ў СЭЗ будзе ацэньвацца паводле сямі крытэрыяў:
- укладанне інвестыцый у асноўны капітал у аб’ёме і тэрміны, прадугледжаныя бізнес-планам;
- забеспячэнне пачатку вытворчай дзейнасці ў тэрміны, прадугледжаныя бізнес-планам;
- колькасць работнікаў, прынятых на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы, у колькасці, прадугледжанай бізнес-планам;
- рэалізацыя планаў па выхадзе на адпаведнасць вырабляемай прамысловай прадукцыі патрабаванням, якія прад’яўляюцца ў мэтах яе аднясення да прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Беларусі, і атрыманне пацвярджальных дакументаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
- забеспячэнне намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў не ніжэй за значэнне мэтавага паказчыка па зарплаце для адпаведнай вобласці;
- адсутнасць на 1 студзеня года, наступнага за справаздачным, запазычанасці па падатках, зборах (пошлінах), іншых абавязковых плацяжах у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, а таксама запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў у ФСАН;
- выкананне абавязацельстваў па адлічэннях у фонд развіцця СЭЗ у адпаведнасці з дагаворамі.
Раней выкарыстоўваліся толькі тры крытэрыі: укладанне інвестыцый, запуск вытворчасці і колькасць работнікаў, прынятых на нанова створаныя месцы.
Адміністрацыям СЭЗ даручана замацаваць новыя крытэрыі ў дагаворах з рэзідэнтамі. Ацэнка выканання ўмоў павінна праводзіцца раз на год у тэрмін да 1 сакавіка.
Урад вызначыў і прыкметы неналежнага выканання ўмоў: выкананне крытэрыяў 1-3 менш чым на 80%, невыкананне двух і больш крытэрыяў з пунктаў 4-7.
Пасля правядзення ацэнкі адміністрацыі СЭЗ будуць накіроўваць рэзідэнтам паведамленні аб неналежным выкананні ўмоў дагавораў. У сваю чаргу рэзідэнты будуць мець 30 дзён на тлумачэнні прычын.
