Пасольства Расіі ў Арменіі паведаміла аб чарговым этапе эвакуацыі персаналу Бушэрскай атамнай электрастанцыі з Ірана. Сярод эвакуяваных ёсць грамадзяне Беларусі.
Паводле інфармацыі дыпмісіі, 27 сакавіка 164 супрацоўнікі дзяржаўнай карпарацыі «Расатам», эвакуяваныя з АЭС «Бушэр», прыбылі з Ірана ў Арменію праз памежны пераход «Нурдуз»/«Агарак» і адправіліся на радзіму. Спецрэйсам з Ерэвана ў Маскву вывезлі не толькі расіян, але і грамадзян Беларусі, Таджыкістана і Узбекістана.
Генеральны дырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў заявіў пра тое, што падчас чарговага этапу вывазу персаналу станцыю пакінулі 163 супрацоўнікі.
“Сёння мы завяршылі чарговы этап вывазу персаналу з Бушэрскай АЭС. Усе 163 супрацоўнікі, якія пакінулі станцыю ў сераду, ужо вярнуліся ў нашу краіну і зараз на шляху да сябе дадому. Увесь працэс заняў крыху больш за тры дні і прайшоў без здарэнняў. У працэсе падрыхтоўкі — вываз яшчэ дзвюх груп. Зацягваць не будзем, па меры гатоўнасці ў бліжэйшыя дні будзем адпраўляць нашых таварышаў дадому”, – прыводзіць яго словы ТАСС.
Паводле яго слоў, на станцыі застанецца мінімальна неабходная група персаналу — некалькі дзясяткаў чалавек, якія будуць забяспечваць працаздольнасць і захаванасць абсталявання, а таксама функцыянаванне жылога пасёлка персаналу.
