У Польшчы ў чацвер быў выяўлены ўпалы беспілотнік. Яго знайшлі на тэрыторыі распрацоўкі бурага вугалю ў Вялікапольскім ваяводстве.
«Упраўленне ваеннай жандармерыі Познані пад кіраўніцтвам пракурора з аддзела па ваенных справах Познаньска-Грунвальдскай акруговай пракуратуры праводзіць работы на месцы выяўлення неапазнанага лятальнага аб’екта на распрацоўцы бурага вугалю ў Гольчыцы, павет Конін», — гаварылася ў паведамленні ваеннай жандармерыі.
Агляд месца здарэння завяршыўся ноччу. Як паведамілі ў эфіры TVPinfo, па выніках агляду ваенная пракуратура праінфармавала, што беспілотнік не меў баявой часткі.
Са спасылкай на неафіцыйную інфармацыю TVPinfo, Gazeta Wyborcza і шэраг іншых СМІ паведамляюць, што выяўлены беспілотнік нагадвае расійскі дрон “Гербера”. Калі менавіта ўпаў беспілотнік, не ўдакладняецца. Магчыма, гэта яшчэ адзін дрон з тых, што заляцелі ў польскую паветраную прастору ў верасні мінулага года. Калі гэта так, то дадзены беспілотнік праляцеў далей за ўсіх ад мяжы, адлегласць ад месца знаходкі да мяжы з Беларуссю перавышае 400 км. Усяго тады было выяўлена да двух дзясяткаў упалых беспілотнікаў.
