У Польшчы асудзілі грамадзян Украіны, Грузіі і Малдовы за дастаўку мігрантаў з тэрыторыі Беларусі

Навіны
Фото: x.com/straz_graniczna

Акруговы суд у Беластоку вынес абвінаваўчы прысуд грамадзянам Украіны, Грузіі і Малдовы за кантрабанду мігрантаў з Беларусі ў Польшчу. Усяго па справе праходзіла сем чалавек.

Лідары групы вербавалі кіроўцаў для перавозкі мігрантаў праз мэсэнджары Telegram і WhatsApp. Іншыя яе ўдзельнікі займаліся астатнімі пытаннямі, звязанымі з паездкамі: аплатай паліва, пражывання і харчавання, адсочваннем сітуацыі ў памежжы, папярэджаннем аб узмацненні кантролю. Кошт паслуг для аднаго мігранта складаў не менш за 700 долараў.

Усяго ўстаноўлена, што ў перыяд са студзеня 2022 года па верасень 2023 года група арганізавала перавозку не менш як 1320 чалавек.

28-гадовы грамадзянін Украіны прызнаны вінаватым у кіраўніцтве арганізаванай групай, арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы і пагрозах. Яму прызначана пакаранне ў 4,5 года пазбаўлення волі, штраф у памеры 25 тыс. злотых і канфіскацыя даходу, атрыманага ў выніку злачыннай дзейнасці, у памеры 3,3 млн злотых. Астатнія абвінавачаныя — двое грамадзян Грузіі і чацвёра грамадзян Малдовы — прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрмін да 1 года і штрафаў. Рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу.

У Падляскім аддзеле Памежнай аховы адзначылі, што некаторыя матэрыялы справы былі выдзелены ў асобнае расследаванне. Можна чакаць далейшых арыштаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны