26 студзеня дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі абмеркаваў з прадстаўнікамі Віленскага гарадскога савета і мэрыі будучыню беларусскай гімназіі ў Вільнюсе і Беларускага дома.
У сустрэчы прынялі ўдзел член камітэта па культуры і турызме Рамінта Кершытэ, старшыня камітэта па пытаннях адукацыі Вітаўтас Вайтэкунас, старшыня эканамічна-фінансавага камітэта Віленскага гарадскога савета Вігінтас Гаспаравічус і дарадца мэра Вільнюса па міжнародных справах Вікінтас Вайткявічус.
Асноўнай тэмай размовы стала захаванне Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны на фоне разгляду Саветам зменаў у парадак прыёму ў школы. Новыя правілы могуць абмежаваць доступ дзяцей замежнікаў з часовымі і пастаяннымі відамі на жыхарства да навучання ў школах з нелітоўскай мовай выкладання, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Кучынскі перадаў ліст бацькоў беларускіх дзяцей, які падпісалі больш за 200 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы і палітыкі, а таксама ліст ад Святланы Ціханоўскай з заклікам захаваць і развіваць беларускую адукацыйную і культурную прысутнасць у Вільнюсе. Дарадца Ціханоўскай падкрэсліў, што гаворка ідзе пра захаванне беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці.
Літоўскі бок запэўніў, што разумее важнасць захавання беларускай мовы і культуры, асабліва ў кантэксце супрацьстаяння «рускаму міру», і лічыць важнай інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадства, у тым ліку праз адукацыю.
Бакі дамовіліся шукаць рашэнне, якое дазволіць захаваць працу гімназіі, забяспечыць магчымасць прыёму новых вучняў, падтрымаць беларускую мову і культуру ў Літве.
Таксама абмяркоўвалася пытанне захавання Беларускага дома як цэнтра культурнага, адукацыйнага і грамадскага жыцця беларусаў у Літве. Кучынскі распавёў пра ініцыятывы Беларускага дома і папрасіў, каб падтрымка з боку горада працягвалася.
«Мы папрасілі працягваць падтрымку гэтай дзейнасці як важнай часткі беларуска-літоўскага партнёрства. З дапамогай асацыяцыі беларускіх бацькоў у Літве мы перадалі неабходныя звесткі прадстаўнікам самакіравання. Вялікі дзякуй бацькам за прынцыповую і адказную пазіцыю — менавіта яна сёння мае ключавое значэнне.
Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае сістэмную працу па абароне правоў беларусаў у Літве і падтрымлівае ініцыятывы бацькоўскай супольнасці, грамадзянскіх арганізацый і партнёраў. Мы данеслі свае мэсэджы — і яны былі пачутыя», — заявіў Кучынскі.
