Служба спецыяльных расследаванняў Літвы правяла ператрусы ў двух дэпутатаў Сейма. Следчыя прыйшлі ў парламенцкія кабінеты лідара партыі Саюз дэмакратаў «У імя Літвы», былога прэм’ер-міністра і спікера Сейма Саўлюса Сквярняліса і кансерватара Казіса Старкявічуса. Цяпер абодва дэпутаты прадстаўляюць апазіцыю.
Як паведамляе LRT са спасылкай на прадстаўніка Службы спецыяльных расследаванняў, ператрусы звязаныя са следствам па справе пра меркаваную карупцыю ў Дзяржаўнай службе па раслінаводстве пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі.
У снежні падазрэнні па гэтай справе былі прад’яўленыя 13 асобам, у тым ліку Агне Сіліцкене, якая была партыйным памочнікам Сквярняліса. Паводле версіі следства, чыноўнікі патрабавалі ў прадстаўнікоў кампаній, якія перавозяць расліны і раслінную прадукцыю, хабар за выдачу фітасанітарных сертыфікатаў. Агульная сума хабараў можа дасягаць 1,5 млн еўра.
Як паведаміў лідар кансерватараў Лаўрынас Кашчунас, Старкявічус на час расследавання прыпыніць сваё сяброўства ў партыі і будзе супрацоўнічаць са следствам.
