У сярэдзіне студзеня па адным з галоўных тэлеканалаў Італіі RAI3 паказалі мюзікл «Краіна мараў». Галоўная гераіня — італьянская імігрантка ў ЗША Эва, якая зарабляе мыццём посуду ў папулярным клубе і марыць стаць спявачкай. Яе ролю выканала беларуска Кацярына Шульга, якая ледзь не літаральна прайшла шлях сваёй гераіні і стала самай вядомай беларускай у Італіі, піша Радыё Свабода.
Кацярына нарадзілася ў Горадні, у Італію пераехала да мамы ў школьным узросце. Яна зрабіла кар’еру італьянскай мадэлі, грала ў тэатры, знялася ў дзясятках фільмаў і серыялаў. Некалькі гадоў таму яна зняла ўласны фільм пра Беларусь і стала адной з самых заўважных адвакатак сваёй радзімы ў Італіі.
Пасля пратэстаў Кацярына Шульга не можа прыехаць у Беларусь. Яна кажа, што паказаць сваім дочкам Беларусь – гэта адна з яе найвялікшых мараў. Часта падкрэслівае сваю беларускасць, у інтэрв’ю расказвае пра дыктатуру Лукашэнкі, а ў сацыяльных сетках дзеліцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі. У 2021 годзе з ёй сустракалася Святлана Ціханоўская. А праз год беларуска зняла дакументальны фільм «Insultati. Bielorussia» паводле п’есы Андрэя Курэйчыка.
У 2024 годзе ў рымскім Teatro Golden адбылася прэм’ера спектакля «Insultati. Bielorussia», дзе Шульга была і рэжысёркай, і акторкай. У гэтай пастаноўцы яна расказала і пра свайго стрыечнага брата Мішу (Міхась Шавельскі, які быў парамедыкам у беларускім батальёне «Тэрор» ва Украіне, загінуў 11 кастрычніка 2022 года) і прысвяціла прэм’еру яму.
«У чужой краіне зь цяжкой адаптацыяй, яна паступова ўвайшла ў сьвет італьянскага кіно і тэлебачаньня, дзякуючы ўласнай настойлівасьці», – пераказвае журналіст Дзмітрый Гурневіч для Радыё Свабода артыкул пра Кацярыну Шульгу ў міланскай газеце Corriere della Sera.
Выданне падало Шульгу як прыклад пакалення маладых мігрантаў, для якіх Італія стала домам, але мінулае – важнай часткай ідэнтычнасці. У матэрыяле акцэнтуецца, што Кацярына не адмовілася ад свайго паходжання і не спрабавала «растварыцца» ў італьянскай рэальнасці, а наадварот – прынесла з сабой іншасць, якая стала яе адметнасцю як акторкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
