Іран абяцае не прапускаць судны праз Армузскі праліў, які з’яўляецца важнай транспартнай артэрыяй, што злучае Персідскі заліў і Аравійскае мора. Ён з’яўляецца галоўным шляхам для вывазу нафты з заліва.
«Армузскі праліў закрыты. Калі хто-небудзь паспрабуе прайсці, героі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і рэгулярнага флоту падпаляць гэтыя караблі», – заявіў старшы дарадца галоўнакамандуючага Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ібрахім Жабары.
Яго словы былі распаўсюджаны іранскімі СМІ.
Як паведамляе Reuters, з моманту пачатку баявых дзеянняў супраць Ірана былі пашкоджаны прынамсі чатыры танкеры. Працяглая блакіроўка праліва можа прывесці да праблем з пастаўкамі энерганосьбітаў, уключаючы нафту і звадкаваны прыродны газ.
Ноччу бакі працягнулі абменьвацца ўдарамі. ЗША і Ізраіль атакавалі аб’екты на тэрыторыі Ірана. Ізраіль таксама працягваў наносіць удары па пазіцыях групоўкі “Хезбала” ў Ліване. У сваю чаргу Іран нацэліўся на саюзнікаў ЗША на Блізкім Усходзе. У прыватнасці, быў нанесены ўдар па амерыканскім пасольстве ў Саудаўскай Аравіі.
Цэнтральнае камандаванне ЗША паведаміла, што колькасць загінулых амерыканскіх вайскоўцаў вырасла да шасці. Целы яшчэ двух чалавек былі выяўлены пры разборы завалаў на аб’екце, які падвергся атацы ў першы дзень кампаніі.
“У ходзе працяглых аперацый амерыканскія войскі знішчылі камандна-кіраўнічыя пункты Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскія сродкі супрацьпаветранай абароны, пускавыя пляцоўкі ракет і беспілотнікаў, а таксама ваенныя аэрадромы. Мы працягнем прадпрымаць рашучыя дзеянні супраць непасрэдных пагроз, што зыходзяць ад іранскага рэжыму”, – заявілі ў Цэнтральным камандаванні ЗША.
Дзяржсакратар Марка Рубіа заявіў, што галоўная мэта аперацыі заключаецца ў знішчэнні іранскага ракетнага патэнцыялу.
“Навошта Ірану патрэбны балістычны ракетны патэнцыял? Яны спрабуюць, і спрабуюць ужо вельмі даўно, стварыць сістэму звычайных узбраенняў у якасці шчыта, за якім яны змогуць хавацца. Гэта азначае, што ў нейкі момант у іх будзе так шмат звычайных ракет, так шмат беспілотнікаў, і яны змогуць нанесці такую велізарную шкоду, што ніхто нічога не зможа зрабіць з іх ядзернай праграмай.
Менавіта гэтага яны і спрабавалі дамагчыся – стварыць сабе імунітэт, каб шкода, якую яны змогуць нанесці рэгіёну, была настолькі вялікай, што ніхто нічога не зможа зрабіць з іх ядзернай праграмай або ядзернымі амбіцыямі”, – заявіў ён.
Рубіа таксама адзначыў, што “самыя моцныя ўдары з боку амерыканскіх вайскоўцаў яшчэ наперадзе”.
“Наступны этап будзе яшчэ больш жорсткім для Ірана, чым цяпер. Нехта крычаў: «Колькі гэта зойме часу?». Я не ведаю, колькі гэта зойме часу. У нас ёсць мэты. Мы будзем рабіць гэта столькі, колькі спатрэбіцца для дасягнення гэтых мэт, і мы іх дасягнем. Свет стане бяспечнейшым, калі мы завершым гэтую аперацыю”, – падкрэсліў ён.
