У Іўеўскім раёне ўжо склалі спісы людзей, якія дрэнна працуюць на ўборачнай, і перадалі іх у ваенкамат, заявіў ваенкам раёна Уладзімір Жэбрык.
Паводле слоў Жэбрыка, вайскоўцы дапамагаюць аграрыям ва ўборачнай.
«У раёне праводзіцца работа па аказанні дапамогі ва ўборачнай кампаніі. Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама прайшла службовая нарада, на якой вызначылі задачы і парадак удзелу ў гэтай справе ваеннага камісарыята. Складзены графік наведвання гаспадарак, наладжана ўзаемадзеянне з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў», — заявіў ён.
Прадстаўнікі ваенкаматаў выязджаюць у гаспадаркі і папярэджваюць работнікаў пра наступствы. Спісы нядобрасумленных работнікаў ужо складзеныя, паведамляе Мінабароны.
«На жаль, у раёне ўжо выяўленыя грамадзяне, якія не зусім добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Па хадайніцтвах кіраўнікоў сабраная інфармацыя і перададзеная ў абласны ваенкамат», — заявіў Жэбрык.
Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адпраўляць у армію людзей, якія дрэнна працуюць на ўборцы ўраджаю. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты удакладніў, што недысцыплінаваных работнікаў будуць адпраўляць на зборы на 2-3 месяцы.
