У Гродзенскай вобласці знайшлі 20–30 работнікаў, якіх гатовыя адправіць у войска праз дрэнную працу падчас уборачнай кампаніі. Пра гэта журналістам расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.
«Кіраўніком дзяржавы на селектарнай нарадзе была прапанаваная схема: тых, хто не хоча добра працаваць, крадзе падчас уборкі матэрыяльныя каштоўнасці. А што выдзяляецца на ўборачную? Гэта дызельнае паліва, у першую чаргу, бензін, сродкі для апрацоўкі раслін і заўсёды, незалежна ад уборачнай, ёсць камбікорм. Дык вось гэтых людзей — не ў месцы пазбаўлення волі, а крыху павысіць іх баявую падрыхтоўку, іх баявую гатоўнасць, як міністр абароны сказаў.
У нас такіх пара-тройка дзясяткаў набралася. Як я жартую, на ўзвод мы набралі. Гэта тыя, хто не зразумеў, што ўсе працуюць на ўраджай, і вырашыў на гэтым або ўзбагаціцца, або нейкія яшчэ свае пытанні вырашыць. Раскрадальнікі, як раней казалі, сацыялістычнай маёмасці, народнага дабра.
Мы тут усе цуды, як кажуць, праяўляем у спрыце. Хтосьці не спіць, хтосьці запчасткі падвозіць, хтосьці камбайнер, настроены з самай раніцы і да позняй ночы працаваць, а хтосьці на гэтым вырашыў нажыцца», — расказаў Караеў.
Паводле слоў Караева, частку тых, хто правініўся, адправяць на мяжу з Украінай, а частка будзе бясплатна працаваць на ўкладцы шпалаў або будаўніцтве дарог.
«Гэтых людзей мы ваенкаматамі і міліцыяй па хадайніцтве старшыняў райвыканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў сабралі па ўсёй вобласці. Не моцна так, каб не пацярпела наша ўборачная. І паглядзім, хто з іх куды прыдатны.
Калі ёсць тыя, хто гатовы са зброяй у руках, дык не так ужо і сур’ёзна яны правініліся, яны патрэніруюцца са зброяй у руках, як казаў прэзідэнт, бліжэй да паўднёвай мяжы. А астатніх адправім на так званыя работы абарончага характару. У нас цяпер будбату няма ў краіне, але ёсць інжынерныя падраздзяленні. І без зброі пацягаць шпалы, нешта пакапаць, пакласці рэйкі або пабудаваць якую-небудзь дарогу ім будзе найбольш карысна. Каб параўналі, як гэта без зарплаты ў армейскіх умовах у намёце дзесьці пажыць або ў лесе.
Потым вернуцца, астатнім раскажуць, што лепш працаваць у сельскай гаспадарцы. Таму ёсць у нас такі адзін ужо ўзвод, які рыхтуецца, з усёй вобласці», — заявіў Караеў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адпраўляць людзей, якія дрэнна працуюць на ўборачнай, у войска. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, такія зборы будуць доўжыцца 2–3 месяцы.
