Беларускае прадпрыемства ААТ «АЛЕВКУРП» завяршыла распрацоўку эксперыментальнага ўзору электрарухавіка малой магутнасці для беспілотных лятальных апаратаў. Як заявілі ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі, рухавік магутнасцю 4,44 кВт паспяхова прайшоў выпрабаванні, “якія пацвердзілі яго тэхнічныя характарыстыкі, што не саступаюць замежным аналагам”.
Паведамляецца, што ўсе дэталі выраблены на айчынных прадпрыемствах з матэрыялаў, даступных у Беларусі. Паралельна былі распрацаваны два тыпы кантролераў электрарухавікоў і тэставае праграмнае забеспячэнне для бездатчыкавага кіравання.
Распрацоўка вялася пад кіраўніцтвам начальніка аддзела аналагавай і сілавой электронікі Сяргея Кавалёва. Па выніках работы прадпрыемства плануе перайсці да вопытна-канструктарскіх работ па гэтым напрамку.


