Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў губернатара Калужскай вобласці Расіі Уладзіслава Шапшу. Гаворачы пра павелічэнне тавараабароту з гэтым рэгіёнам да 1 млрд долараў, ён не змог не падзяліцца з госцем “набалелым”. На гэты раз Лукашэнку закранула крытыка спроб зрабіць узорныя прадпрыемствы, раёны і іншыя “выставачныя” аб’екты.
Паводле слоў Лукашэнкі, часта можна пачуць крытыку стварэння “гаспадарак-маякоў”, якія павінны стаць узорам для пераймання.
“Мяне тут крытыкуюць: Лукашэнка “маякі” ў Беларусі стварае, як у савецкія часы. А чаму не ствараць прыкладна тое, што ты хочаш, каб было ў Беларусі? Таму калі вам гэтыя “маякі” будуць на карысць… Праўда, крытыкуюць мяне тыя, хто збег з краіны. Гэтак жа, як і расійскім уладам дастаецца ад падобных беглых. Але гэта іх справа. Няхай крытыкуюць, а нам трэба займацца канкрэтнай справай”, – сказаў ён.
Падчас сустрэчы Лукашэнка прапанаваў супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, паставак тэхнікі і г. д.
“Мы хочам, каб вы ведалі, што ёсць такая блізкая, родная для вас краіна, якая можа матэрыялізаваць усё гэта. Гэта не толькі братэрскія пачуцці, але і вялікая эканоміка. Словам, абменьвацца досведам заўсёды рады. Дзякуй богу, мы размаўляем на адной мове і не плануем размаўляць на нейкіх іншых мовах. Будзем дзяліцца досведам і неяк прасоўвацца наперад. У тым ліку, вырашаць цяжкія задачы, якія ў нас узнікаюць падчас нашай жыццядзейнасці”, – сказаў ён.
Паведамляецца, што летась Беларусь і Калужская вобласць нагандлявалі на 705 млн долараў, а за пяць месяцаў абарот узаемнага гандлю склаў 311,4 млн долараў, або на 17,4% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У Беларусь з Калужскай вобласці імпартаваліся пераважна прадукты для кармлення жывёл, палімеры этылену і прапілену, рыбнае філе, алюмініевы дрот і іншае.
