Эстонія мае намер накіраваць дадатковыя сілы Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы ў Латвію для ўзмацнення аховы мяжы. Пра гэта паведамляе ERR. Раней Літва ўжо вярнулася да такой практыкі, накіроўваючы невялікі атрад памежнікаў з сабакамі на двухтыднёвыя кадэнцыі для дапамогі суседзям.
Рашэнне аб накіраванні кантынгенту ў Латвію эстонскія ўлады прынялі пасля таго, як у апошнія дні ў краіне былі затрыманыя некалькі дзясяткаў мігрантаў, якія раней перасеклі мяжу Латвіі і Беларусі.
«Праблему трэба вырашаць там, дзе яна ўзнікае. Закрыццё ўнутраных межаў Шэнгена — гэта апошняя мера, а не першая. Калі бегаць за мігрантамі па ўнутраных межах, рэсурс будзе патрачаны марна. Трэба секчы праблему пад корань — на знешняй мяжы», — сказаў міністр унутраных спраў Ігар Таро.
На мінулым тыдні ён пабываў на латвійскай мяжы. Паводле яго слоў, пры спробах незаконнага перасячэння мяжы мігранты выкарыстоўваюць самаробныя драўляныя лесвіцы, трывалыя вяроўкі, вялікія балтарэзы і нават электрычныя інструменты для пашкоджання памежных загарод.
«Гэта не выпадковыя людзі, якія апынуліся ў бядзе. Іх мэтанакіравана звозяць, забяспечваюць інструментамі і інструкцыямі, а затым адпраўляюць штурмаваць знешнюю мяжу Шэнгена. Калі памежнікі патрабуюць адысці, яны адказваюць: “Не, мы ўсё роўна сюды прыйдзем”», — дадаў ён.
У арганізацыі міграцыйнага ціску Таро абвінавачвае Лукашэнку.
«Рэжым Лукашэнкі спрабуе стварыць нам дадатковыя праблемы, не ўдзельнічаючы непасрэдна ў ваенных дзеяннях. Гэта адзін са спосабаў падтрымкі расійскай агрэсіі», — адзначыў ён.
У нядзелю латвійскія памежнікі сутыкнуліся з 95 спробамі парушэння мяжы. Літоўская памежная служба не зарэгістравала спробаў парушэння.
