МУС і Генпракуратура паведамілі пра раскрыццё маштабнай карупцыйнай схемы, якая ахоплівала некалькі галін эканомікі, уключаючы аграпрамысловы і паліўна-энергетычны комплексы, ЖКГ, будаўніцтва, транспарт, адукацыю і інш.
Узбуджана 45 крымінальных спраў аб атрыманні хабараў у дачыненні да 44 фігурантаў. Многія з іх затрыманыя непасрэдна падчас здзяйснення злачынства. З санкцыі пракурора да шэрагу падазраваных прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Фігурантам ад 31 да 65 гадоў.
Паводле версіі МУС, на працягу некалькіх гадоў фігуранты атрымлівалі хабар ад удзельнікаў тэндараў за выбар арганізацый у якасці пастаўшчыкоў будматэрыялаў, электраабсталявання і запчастак, спрыялі бесперашкоднай прыёмцы тавараў і кантралявалі своечасовую аплату паставак. Агульны аб’ём хабараў перавысіў 750 тыс. рублёў.
«Арганізатарам схемы выступіў заснавальнік шэрагу камерцыйных арганізацый: ён распрацаваў механізм размеркавання незаконных выплат, уключаючы спецыяльную формулу разліку сум узнагароджанняў. Перадаваць хабар яму дапамагалі падначаленыя, якія адказвалі за падбор контрагентаў і каардынацыю ўзаемадзеяння з службовымі асобамі», — расказалі ў МУС.
Адзначаецца, што сярод фігурантаў — прадстаўнікі 12 аграпрадпрыемстваў, якія атрымалі 320 тыс. рублёў хабараў за пастаўкі энергетычнага абсталявання.
Падчас ператрусу былі канфіскаваныя дакументы «чорнай бухгалтэрыі», якія змяшчаюць звесткі пра сумы заключаных здзелак і выплачаных «адкатаў».
Расследаванне працягваецца.




