2 млн тон нафты здабыта ў Беларусі ў 2025 годзе — гэта рэкордны паказчык гадавой нафтаздабычы за апошнія 30 гадоў, паведамляе прэс-служба «Беларуснафты».
“Рэкорд зафіксаваў Цэнтр інтэграваных аперацый НГДУ «Рэчыцанафта». Менавіта тут каардынуецца праца ўнікальнай інтэлектуальнай сістэмы «Лічбавае радовішча»”, — удакладнілі ў прэс-службе.
Паводле слоў начальніка нафтагазаздабыўнога ўпраўлення Аляксандра Цыбранкова, ключавую ролю ва ўсталяванні рэкорду адыгралі сучасныя тэхналогіі і комплекснае асваенне запасаў вуглевадародаў.
У «Беларуснафце» нагадалі, што ў 1975 годзе прадпрыемства выйшла на пік гадавой нафтаздабычы — каля 8 мільёнаў тон. Затым з прычыны абмежаванасці запасаў і іншых аб’ектыўных прычын гэты ўзровень дзесяцігоддзямі зніжаўся. Толькі ў 2017 годзе ўдалося паступова нарошчваць аб’ёмы.
“У 2026 годзе плануем выйсці на гадавы ўзровень у 2 мільёны 100 тысяч тон нафты, а да 2030-га — 2 мільёны 300 тысяч. Нас чакае вялікі комплекс работ, каб забяспечыць энергетычную бяспеку краіны”, — заявіў Аляксандр Цыбранкоў.