У Батумі раніцай 25 ліпеня адбылося буйное ДТЗ з удзелам турыстычнага мікрааўтобуса і легкавога аўтамабіля, піша Adjara Times. Паводле папярэдніх звестак, загінулі два чалавекі, яшчэ не менш за сем атрымалі траўмы.
Аварыя адбылася на скрыжаванні вуліц Горгіладзэ і Важа-Пшавела. Пасля моцнага сутыкнення мікрааўтобус перакуліўся, а легкавы аўтамабіль урэзаўся ў сцяну Батумскага ўніверсітэта мастацтваў. Паводле слоў відавочцаў, удар быў настолькі моцным, што некаторыя пасажыры выпалі з мікрааўтобуса.
Паводле інфармацыі Tbilisi life, у мікрааўтобусе знаходзілася турыстычная група, якая складалася з грамадзян Беларусі. Паведамляецца, што абодва загінулыя былі замежнікамі. Пацярпелых даставілі ў розныя клінікі Батумі, дзе ім аказваюць медыцынскую дапамогу.
МУС Грузіі пачало расследаванне паводле артыкула 276 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху. Абставіны трагедыі высвятляюцца.

