На адной з прыгранічных аўтазаправачных станцый у Віцебскай вобласці абмежавалі аб’ём продажу паліва, піша Mayday.Team.
Гаворка ідзе пра АЗС у гарадскім пасёлку Езярышча, размешчаным прыкладна за два кіламетры ад пункта пропуску «Лабок» на мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі. Паводле даных рэсурсу, кіроўцам дазвалялі заправіць аўтамабіль не больш чым на 20 літраў паліва. Такі рэжым, як сцвярджаецца, захоўваўся як мінімум у чацвер і пятніцу.
Работнікі АЗС патлумачылі, што існуе ўказанне на прыгранічных запраўках, размешчаных перад перасячэннем мяжы, не запраўляць аўтамабілі да поўнага бака і не адпускаць паліва ў каністры. Прычынай называюць павышаны попыт з боку аўтамабілістаў, якія накіроўваюцца ў Расію. З-за гэтага не хапае паліва для мясцовых жыхароў. Напрыклад, у Езярышчы жыве больш за тысячу чалавек, а найбліжэйшая іншая АЗС знаходзіцца ў Гарадку за 40 км, адзначаюць аўтары.