Кіраўнік Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты заявіў, што прыцягненне працоўных мігрантаў з Узбекістана звязана з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў і будзе адбывацца па арганізаванай схеме. Пра гэта ён расказаў пасля сённяшняга даклада Лукашэнку, адказваючы на пытанне аднаго з прапагандыстаў.
На думку Крутога, абмеркаванне тэмы працоўнай міграцыі «неапраўдана раздзьмута інфармацыйна».
«Натуральна, гэта нейкі гарачы хайп для нашай уцеклай апазіцыі. Дакладна такі ж, як у нас быў з Пакістанам, калі памятаеце. Ужо ніхто пра міфічных пакістанцаў не ўспамінае», — сказаў ён.
Круты заявіў, што на пачатку чэрвеня ўрад абнавіў парадак прыцягнення замежных работнікаў з улікам прапаноў розных ведамстваў.
«Аснова або фундамент гэтай сістэмы — гэта заяўка кіраўнікоў нашых арганізацый. Такія заяўкі фармуюцца. Ёсць адпаведныя кадравыя агенцтвы і ў нас, і ў краіне, адкуль гэтыя працоўныя мігранты збіраюцца да нас прыехаць.
Ёсць фільтр нашых пасольстваў, якія абавязкова праглядаюць гэтыя спісы, правяраюць людзей па адпаведных базах. У першую чаргу іх добрапрыстойнасць з пункту гледжання здзейсненых правапарушэнняў. І потым ужо яны прыязджаюць да нас у краіну. З тым кіраўніком, які падаваў на іх заяўку, заключаюць працоўны дагавор, дзе дакладна прапісваюцца ўсе ўмовы, звязаныя з заработнай платай, выпрацоўкай, прэміямі. І вельмі важны момант — гэта жыллё, таму што выкарыстоўваюцца розныя формы жыллёвага найму: ад гасцініц, інтэрнатаў, там, дзе яны ёсць, да арэнднага жылля і новапабудаванага», — расказаў ён.
Кіраўнік АП таксама заявіў, што замежным работнікам, якія прыбываюць разам з сем’ямі, прадастаўляецца жыллё, магчымасць працаўладкавання для мужа ці жонкі, а дзецям — месцы ў школах і дзіцячых садах.
«Калі гэта пустуючыя дамы, і яны ў межах раёнаў, невялікіх раёнаў трапляюць у адпаведную базу, — гэта асобная сістэма, — то выдзяляюцца рэсурсы, гэтыя дамы прыводзяцца ў парадак. Гэта больш хуткі спосаб аднаўлення менавіта гэтай жыллёвай, скажам так, праграмы. І людзі атрымліваюць жыллё, калі яны прыязджаюць сем’ямі, муж ці жонка і дзеці, натуральна, таксама адпаведным чынам сацыялізуюцца. Мужу ці жонцы прадастаўляецца праца. Дзеці ідуць у школу, у дзіцячы сад», — заявіў ён.
Закранаючы скандальную гісторыю з працаўладкаваннем грамадзян Узбекістана, ён запэўніў, што Аляксандра Лукашэнку і Шаўката Мірзіёева «не вельмі пачулі». Паводле яго слоў, дамоўленасці паміж Мінскам і Ташкентам датычацца найперш рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў аграпрамысловым комплексе. Ён адзначыў, што ўзбекскі бок зацікаўлены ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі, уключаючы мясную, малочную прадукцыю і бульбу, для наступных паставак ва Узбекістан.
«Таму што спецыфіка менавіта апошніх перамоў і апошніх дамоўленасцяў у тым, што лідары нашых краін гаварылі пра інвестыцыі, што гэта інвестыцыі. Просты гандаль у нас з Узбекістанам развіваецца някепска. Але ўзбекі, убачыўшы, што мы рэалізавалі ў іх краіне шэраг вельмі добрых праектаў, звязаных і з машынабудаваннем — БелАЗ, МАЗ — і іншыя нашы флагманы, гэта сфера перапрацоўкі мясной прадукцыі, гэта птушка „Сервалюкс“, гэта лёгкая прамысловасць Mark Formelle і гэтак далей», — заявіў ён.
Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, менавіта для такіх праектаў плануецца прыцягваць спецыялістаў з Узбекістана. Ён сцвярджае, што гаворка ідзе не пра «некантраляваную міграцыю», а пра прыцягненне работнікаў з пэўнай кваліфікацыяй у рамках праектаў, якія, паводле яго слоў, будуць знаходзіцца пад кантролем уладаў дзвюх краін.
«Яны ўбачылі, што мы сур’ёзныя партнёры, і прэзідэнт Узбекістана выступіў з, скажам так, сустрэчнай ініцыятывай. Насельніцтва ўсё ж 39 мільёнаў, і харчовая бяспека для іх — пытанне нумар адзін. І ў Беларусі яны хацелі б рэалізаваць інвестыцыйныя праекты, звязаныя з аграпрамысловай перапрацоўкай, у першую чаргу, і пастаўляць атрыманую прадукцыю — мясную, малочную. Апошнія абмеркаванні датычыліся бульбы.
Здавалася б, мы ў Беларусь таксама ў сакавіку—красавіку завозім раннюю ўзбекскую бульбу, але потым у іх пачынаецца спякота. І да верасня—кастрычніка ў іх проста няма позніх сартоў бульбы. І таму на рынку надыходзіць дэфіцыт, і яны ў рамках адпаведных інвестыцыйных праектаў у нас маглі б займацца пастаўкамі бульбы ў сваю краіну.
І пад гэтыя інвестыцыйныя праекты, натуральна, яны б прыцягнулі свае працоўныя рэсурсы. Гэта абсалютна не нейкая некантраляваная міграцыя. Гэта міграцыя, як сказаў прэзідэнт Узбекістана, пад яго фактычным асабістым кантролем. І тыя спецыялісты, якія прыедуць і будуць працаваць на гэтых інвестыцыйных праектах або асвойваць гэтыя інвестыцыйныя пляцоўкі, якія мы ім прадаставім, будуць мець адпаведную кваліфікацыю і падрыхтоўку», — заявіў ён.
«Таму гэта насамрэч найважнейшы момант. І тое, што пачынаюць выдзіраць словы з кантэксту, дадумваць і казаць, што гэта прыедуць нейкія гастарбайтары, якія будуць зарабляць грошы і адразу ж дасылаць іх сваім родным ва Узбекістан, а тут у нас нічога не будзе заставацца, у нашай рэспубліцы, — гэта абсалютна не так. Схема складваецца менавіта такім чынам, каб гэта было выгадна і Узбекістану, і Рэспубліцы Беларусь», — дадаў Круты.
Заявы беларускага боку працягваюць паступаць пасля паведамленняў пра праблемы з умовамі працаўладкавання першай групы работнікаў з Узбекістана. 13 ліпеня ў Віцебск прыбылі 255 грамадзян гэтай краіны. Раней паведамлялася, што ім абяцалі заробак у памеры 900–1000 долараў, аднак пасля прыезду, паводле іх слоў, гаворка ішла прыкладна пра 500 долараў, а жыллё і харчаванне прапаноўвалася аплачваць самастойна. Гэта выклікала незадаволенасць часткі тых, хто прыбыў, частка з якіх заявіла пра жаданне вярнуцца на радзіму.
15 ліпеня прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў на нарадзе даручыў паскорыць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых падчас нядаўняга візіту ў Беларусь, уключаючы пытанні арганізаванага працаўладкавання грамадзян краіны.
У той жа дзень у сацыяльных сетках з’явіўся новы відэазварот аднаго з узбекскіх работнікаў. Ён папрасіў не распаўсюджваць раней апублікаваны ролік са скаргамі і заявіў, што пасля перамоў умовы змяніліся. Паводле яго слоў, цяпер работнікам прапануюць заробак каля 700 долараў, а таксама бясплатныя жыллё і харчаванне.