У Баранавічах завялі крымінальную справу аб фіктыўных курсах для таксістаў

Аўта
Изображение: МВД

У Баранавічах расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў кампаніі, якая аказвала паслугі па навучанні таксістаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС.

“56-гадовы дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю і яго 48-гадовая намесніца падманным шляхам атрымалі сертыфікат на аказанне паслуг па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кіроўцаў таксі. За чатыры месяцы яны выдалі больш за 2500 пасведчанняў аб заканчэнні адпаведных курсаў. Пры гэтым фактычна кліенты не навучаліся, бо выкладчыкі ў арганізацыі адсутнічалі”, — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Варта адзначыць, што праходжанне курсаў павышэння кваліфікацыі з’яўляецца абавязковым патрабаваннем для ўключэння кіроўцаў у рэестр нерэгулярных перавозчыкаў. Без уключэння ў дадзены рэестр забараняецца аказваць паслугі таксі. Пры ўвядзенні гэтага патрабавання ў краіне ўзніклі складанасці з праходжаннем такіх курсаў з-за малой прапановы. Тады Мінтранс зрабіў паслабленне для вадзіцеляў, дазволіўшы на пераходны перыяд уключаць іх у рэестр без пасведчанняў аб праходжанні курсаў, але з дакументамі, якія пацвярджаюць заключэнне дамоваў на навучанне.

Адзначаецца, што даход баранавіцкай кампаніі перавысіў 500 тыс. рублёў.

Крымінальная справа ўзбуджаная паводле артыкула аб злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны