Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча, каб пагадненне паміж РФ і Украінай было заключана як мага хутчэй. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Белага дома Кэролайн Левітт.
«Прэзідэнт неверагодна расчараваны абодвума бакамі ў гэтай вайне. Яму надакучылі сустрэчы дзеля саміх сустрэч. Ён больш не хоча перамоваў. Ён хоча дзеянняў. Ён хоча, каб гэтая вайна скончылася», — сказала яна.
Сам Дональд Трамп выказаўся падобным чынам.
«Я думаў, што мы былі вельмі блізка з Расіяй да заключэння пагаднення. Я думаў, што мы былі вельмі блізка з Украінай да пагаднення. Насамрэч, акрамя прэзідэнта Зяленскага, яго людзі былі ў захапленні ад канцэпцыі здзелкі», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, дакумент складаецца з чатырох або пяці розных частак, і працэс складаны, бо гаворка ідзе пра тэрыторыі. У суботу чакаецца сустрэча паміж Украінай, ЗША і ЕС, на якой павінны абмяркоўвацца спрэчныя пункты.
«У суботу будзе сустрэча… Мы сказалі, што будзем удзельнічаць, калі палічым, што ёсць добры шанец дасягнуць выніку. Яны хочуць, каб я прысутнічаў. Яны хочуць, каб мы прысутнічалі. І мы будзем прысутнічаць на сустрэчы ў суботу ў Еўропе, калі ўбачым добры шанец. Мы не хочам траціць шмат часу… мы хочам, каб усё было ўрэгулявана», — сказаў ён.
Разам з тым Трамп прызнаў, што для дасягнення пагаднення неабходныя гарантыі бяспекі.
«Гэта называецца “пагадненне па бяспецы”… Так, мы б дапамаглі. Мы б дапамаглі з бяспекай, таму што гэта, я думаю, неабходны фактар, каб усё атрымалася», — сказаў ён.
У чацвер адбылася сустрэча так званай кааліцыі ахвотных з еўрапейскіх краін, што падтрымліваюць Украіну. Уладзімір Зяленскі адзначыў, што калі амерыканскі прэзідэнт хоча правядзення выбараў, то патрабуецца, перш за ўсё, арганізаваць іх бяспеку.
«Мы гатовыя працаваць з прэзідэнтам Трампам у любым фармаце. І калі прэзідэнт Трамп больш кажа пра выбары ва Украіне, я хачу сказаць гэта зусім адкрыта — мы можам паспрабаваць правесці выбары. Украіна не хаваецца ад дэмакратыі. Але для таго, каб выбары былі магчымыя, павінен быць арганізаваны кампанент бяспекі.
І менавіта Амерыка можа дапамагчы з гэтым больш за ўсё. Калі зараз узнікае неабходнасць у выбарах, павінна быць спыненне агню — прынамсі, на перыяд выбарчага працэсу і галасавання. Гэта тое, што трэба абмяркоўваць. Шчыра кажучы, мы тут, ва Украіне, лічым, што Амерыка павінна пагаварыць з расійскім бокам па гэтым пытанні. Паглядзім, што будзе далей», — заявіў ён.
Зяленскі таксама афіцыйна пацвердзіў, што ўкраінскі бок накіраваў ЗША мірны план са сваімі праўкамі.