Суровая зіма стварыла праблемы для экспарту з партоў Ленінградскай вобласці РФ

Навіны
Фото: Порт Усть-Луга

Суровая зіма адбілася на экспарце тавараў з партоў Ленінградскай вобласці. Пра гэта піша “КоммерсантЪ” са спасылкай на лісты кампаній і галіновых асацыяцый.

Ледавыя ўмовы ў Фінскім заліве перавысілі чаканыя па таўшчыні лёду, адзначае выданне. У такой сітуацыі капітаны партоў паслядоўна ўводзяць абмежаванні на ледавое плаванне. Так, пры таўшчыні лёду 15–30 см судны без ледавога ўзмацнення могуць рухацца толькі пад індывідуальнай ледавой праводкай. Калі таўшчыня лёду перавысіць 30–50 см, то судны без ледавых узмацненняў не дапускаюцца да плавання.

Абмежаванне таксама стварае недахоп ледаколаў для праводкі. Дадатковыя праблемы стварыла патрабаванне аб вадалазным аглядзе падводнай часткі ўсіх суднаў, што ўваходзяць у парты Фінскага заліва з замежных партоў, з абавязковай відэафіксацыяй, якое было ўведзена ў ліпені мінулага года. Ва ўмовах складанай ледавой абстаноўкі такі агляд або немагчымы, або крайне ўскладнены.

У лісце Асацыяцыі марскіх гандлёвых партоў утрымліваецца просьба ўзмацніць ледакольны флот для Балтыкі, а таксама на перыяд цяжкай ледавой абстаноўкі ўвесці часовы мараторый на выкананне патрабаванняў па вадалазным аглядзе для небяспечных грузаў — кантэйнераў, металаў, гліназёму, вугалю, угнаенняў і г. д.

Таксама Расійская асацыяцыя вытворцаў мінеральных угнаенняў звярнулася ў Мінтранс РФ з просьбай распрацаваць мерапрыемствы па хаджэнні суднаў нелядовага класа ў партах Санкт-Пецярбург і Усць-Луга.

У Мінтрансе РФ выданню паведамілі, што накіравалі адзін дадатковы ледакол у Фінскі заліў, а таксама звярнуліся ў “Росатам” з просьбай адправіць туды атамны ледакол. Ведамства прымае і іншыя меры, сцвярджаючы пры гэтым, што абстаноўка з ледакольнай праводкай суднаў нармальная.

Трэба адзначыць, што парты Ленінградскай вобласці таксама з’яўляюцца аднымі з асноўных для перавалкі беларускіх грузаў, што ідуць праз Расію, у прыватнасці, мінеральных угнаенняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны