Жыхары Гомеля паведамляюць пра гучныя гукі ў небе. Іх чулі ў Валатаве і на Старым Аэрадроме сёння каля 5:25, паведамляе «Флагшток».
Карыстальнікі сацсетак апісваюць гук як «страшны трэск і грукат», «моцны грукат». Некаторыя пішуць, што гук быў, як ад самалёта, які ляцеў нізка.
«Як быццам нешта вельмі хутка і вельмі гучна праляцела, мы аж прачнуліся», «я рэзка прачнуўся ад гуку, было незразумела, думаў, вельмі нізка самалёт ляцеў», «я жыву на аэрадроме, прачнулася ад моцнага грукату», — пішуць гамяльчане ў сацсетках.
У гэты час працягвалася масіраваная атака Расіі на Украіну. Паводле даных маніторынгавых каналаў, расійскія рэактыўныя дроны праляталі ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы ад Добрушскага да Брагінскага раёнаў.
«Чарговая група расійскіх рэактыўных дронаў перамяшчалася ўздоўж мяжы прыкладна з 4 да 5 раніцы. Таксама ў гэты час на Кіеў і Барыспаль ляцелі ракеты з поўначы і ўсходу», — піша выданне.
Выданне мяркуе, што ў раёне Гомеля спрабавалі збіць беспілотнік.
