У Мінску адбылося другое пасяджэнне Сумеснай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве паміж Афганістанам і Беларуссю. Афганскі бок прапанаваў Беларусі інвеставаць у здабычу нафты і карысных выкапняў у Афганістане.
Бакі абмеркавалі пашырэнне эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва, умацаванне ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі, перадачу новых тэхналогій, імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі, стварэнне зборачных вытворчасцяў у Афганістане, вытворчасць хімічных угнаенняў, перапрацоўку малочнай і харчовай прадукцыі, вытворчасць прамысловага абсталявання.
Афганскі бок прапанаваў стварыць умовы для інвеставання беларускіх кампаній у здабычу і перапрацоўку карысных выкапняў у Афганістане і павелічэння экспарту афганскай прадукцыі ў Беларусь.
«Таксама абмяркоўваліся магчымасці інвеставання беларускіх кампаній у здабычу і перапрацоўку нафты ў Афганістане, супрацоўніцтва ў сферы імпарту нафтапрадуктаў і стварэнне практычных механізмаў для развіцця гандлю паміж дзвюма краінамі.
Бакі таксама падкрэслілі неабходнасць стварэння адпаведных банкаўскіх механізмаў і механізмаў пераводу грашовых сродкаў для рэалізацыі сумесных праектаў і палягчэння інвестыцый», — паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Афганістана.
Таксама абмяркоўвалася магчымасць інвестыцый беларускіх дзяржаўных кампаній у афганскія дзяржаўныя прадпрыемствы.



