Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі анансавала яго перамовы з прэзідэнтам М’янмы Мін Аун Хлайнам, які сёння прыбывае ў Мінск з афіцыйным візітам. У беларускую сталіцу ён прыбудзе з Расіі.
У прэс-службе прэзідэнта М’янмы візіт анансавалі яшчэ ўчора.
Як вынікае з сённяшняга паведамлення, асноўная перамоўная праграма запланаваная на 21 жніўня. У пятніцу Лукашэнка і Хлайн абмяркуюць двухбаковае ўзаемадзеянне, накіраванае на супрацоўніцтва ў 2026-2028 гадах. Гаворка пойдзе пра сумесную працу ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, навуцы і адукацыі.
Па выніках перамоў плануецца падпісанне дакументаў, накіраваных на ўмацаванне беларуска-м’янманскіх сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, прававой і іншых сферах.
Учора паведамлялася, што праграма візіту таксама прадугледжвае наведванне бізнес-форуму «Беларусь – М’янма» і цырымоніі адкрыцця пасольства М’янмы ў Мінску.
Мін Аун Хлайн прыйшоў да ўлады ў М’янме ў выніку ваеннага перавароту ў 2021 годзе. З таго часу ён узначальваў часовы ўрад. У 2026 годзе парламент краіны абраў яго прэзідэнтам.
